У цэнтры Мінска прадаецца закінуты будынак. Каштуе як трохпакаёвая кватэра
Будынак можна рэканструяваць пад апартаменты, а таксама пад адміністрацыйна-дзелавы, гандлёвы, культурны, спартыўны, адукацыйны або медыцынскі аб'ект.
17.10.2023 / 14:23
Фота: photobuildings.com
Гэты дом на скрыжаванні вуліцы Тарханава і Гвардзейскай (цяпер — самы цэнтр горада) пабудавалі яшчэ ў 50-х гадах для работнікаў Мінскага завода ацяпляльнага абсталявання. Будынак заставаўся жылым аж да 2010-х. Затым жыхароў адсялілі, і двухпавярховік некалькі гадоў стаяў закінуты. Цяпер будынак выставілі на аўкцыён: яго можна рэканструяваць пад апартаменты, піша Realt.by.
Знаходзіцца двухпавярховы дом на вуліцы Гвардзейскай, 9. Гэта — зусім недалёка ад праспекта Пераможцаў, Парку Перамогі і стэлы.
Плошча двухпавярховага цаглянага будынка складае 1667 квадратных метраў. Яго пабудавалі ў 1952-1953 гадах. У доме размяшчаўся інтэрнат № 3 Мінскага завода ацяпляльнага абсталявання. Цяпер у пабудове адсутнічаюць якія-небудзь камунікацыі, але ўсе іх можна будзе падключыць.
Балансатрымальнікам будынка выступае філіял № 2 камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці».
Фота: photobuildings.com
Дом выстаўлены на таргі Дзяржкамітэтам па маёмасці. Яны пройдуць на электроннай пляцоўцы «Беларускай універсальнай таварнай біржы».
Як адзначаецца ў апісанні аўкцыёну, будынак на Гвардзейскай можна рэканструяваць пад апартаменты (без павелічэння параметраў будынка), а таксама − пад адміністрацыйна-дзелавы, гандлёвы, культурны, спартыўны, адукацыйны або медыцынскі аб'ект.
Фота: photobuildings.com
Пакупнік будзе абавязаны за 2 гады распрацаваць і зацвердзіць праектную дакументацыю на рэканструкцыю або мадэрнізацыю нерухомай маёмасці; на працягу шасці месяцаў з дня зацвярджэння праектнай дакументацыі прыступіць да пачатку рэканструкцыі або мадэрнізацыі; у межах устаноўленых нарматыўных тэрмінаў завяршыць рэканструкцыю або мадэрнізацыю нерухомай маёмасці ў адпаведнасці з распрацаванай праектнай дакументацыяй.
Фота: photobuildings.com
Пачатковы кошт будынка — 295,6 тысячы рублёў (або 90 тысяч даляраў).
Таргі прызначаныя на 17 лістапада (заявы прымаюцца да 14 лістапада ўключна).
Учора ў Мінску пачалося грамадскае абмеркаванне на гэту тэрыторыю. І калі раней старыя двухпавярховікі ў раёне Гвардзейскай, Тарханава і Гастэлы збіраліся зносіць, то цяпер усе дамы вырашана рэканструяваць пад адміністрацыйныя аб'екты. Так, на месцы адселенага інтэрната па Гастэла, 11 пасля рэканструкцыі з'явіцца пракуратура Цэнтральнага раёна, а на месцы суседніх жылых будынкаў па Гастэла 7 і 9 − адміністрацыйныя аб'екты, у тым ліку − вучэбна-адукацыйны комплекс.
Чытайце таксама:
«Уся мэбля была пасечана сякерай». Рыэлтары распавялі пра незвычайныя гісторыі з практыкі