Мужчына, які застрэліў двух чалавек у цэнтры Брусэля, памёр у бальніцы
Паведамлялася, што гэта 45-гадовы ўраджэнец Туніса Абдэсалем, які жыў у Бельгіі.
17.10.2023 / 12:18
Мужчына, які застрэліў двух чалавек у цэнтры Брусэля, памёр у бальніцы. Пра гэта паведамляе агенцтва AFP са спасылкай на пракуратуру.
Тэрарыстычны акт адбыўся ў Бруселі ў панядзелак у 19:14 па мясцовым часе (20:14 па Мінску) на рагу бульвара Іпр і бульвара Дзявятай лініі.
Узброены мужчына, апрануты ў неонавы спартыўны касцюм, саскочыў са скутара. Ён страляў у мінакоў, пераследаваў людзей, што хаваліся ў вестыбюлі будынка, у якім размешчаны офісы Фламандскага жыллёвага фонду. Ён таксама стрэліў у чалавека ўнутры будынка з баявой зброі тыпу AR-15, а затым дабіў яго стрэлам у галаву.
Трэці чалавек атрымаў агнястрэльнае раненне, гэта быў кіроўца таксі.
Затым стралок сеў на свой скутар і крыкнуў «Алах Акбар!», пасля чаго з'ехаў.
Футбольны матч Бельгія — Швецыя быў спынены, а затым адменены.
Чытайце таксама:
Сеў на скутар і з'ехаў з крыкам «Алах акбар!» Падрабязнасці стральбы ў Бруселі