«Ты тупая?» У Мінску адкрылі бар з хамскім абслугоўваннем

У сталіцы на Камсамольскай вуліцы з’явіўся новы бар з цікавым фарматам. У «Вельмі дзіўным бары» афіцыянтам дазволена хаміць кліентам. Наведвальнікі таксама могуць адказваць груба.

17.10.2023 / 11:42

Скрыншот відэа ў тыктоку «Вельмі дзіўнага бара»

У інстаграме бара пазначаны правіла: уваход строга 18+, на тэму палітыкі і рэлігіі жартаваць нельга, біцца забаронена. Адміністрацыя адразу просіць не прыходзіць тых, хто не разумее канцэптуальнага гумару. Пазначана таксама: «Паслаць афіцыянта або бармена — абавязкова».

Працуе «Вельмі дзіўны бар» з 14:00 да 20:00, каб туды трапіць, трэба забраніраваць месца. Бо, як тлумачыцца на старонцы бара ў інстаграме: «А то калі прыйдзеш, а дупу тваю пасадзіць не будзе куды, то будзе не вельмі прыемна, правільна?».

Назвы ежы і напояў у меню цалкам адпавядаюць канцэпцыі. Ёсць, напрыклад, бургер «Разарві сёрбала», снэкі «Пару палак перад сном», кактэйль «У рот вазьму». Калі кліент жадае, то афіцыянт можа нават пакарміць яго з рук.

Каб патэнцыяльныя кліенты адразу разумелі, што іх чакае, у каментарыях у інстаграме SMM-спецыяліст бара адказвае прыкладна так:

«У вас можна пасылаць афіцыянтаў і мацюкацца?» — «Ты тупая? Трэба!»

@raidensy Инст @strannybar #беларусь @STRANNYBAR ♬ Lazy Sunday - Official Sound Studio

У тыктоку пра «Вельмі дзіўны бар» распавяла блогерка raidensy. Відэа набрала больш за 522 тысячы праглядаў. Але шмат хто з каментатараў не пагадзіўся, што гэта сапраўды першае ў Беларусі месца з хамскім абслугоўваннем: «У нас у сталовай БДУ з парога гаварылі «х*яствуйце»», «У Барысаве такіх шмат», «У ЦУМ зайдзіце», «Гэта для тых, хто ніколі не быў у пашпартным стале», «Далёка хадзіць не трэба, у паліклініцы і на пошце тое самае, але бясплатна».

Некаторыя пачалі думаць аб змене працы, бо праца, дзе дазволена хаміць, здаецца працай мары, а нехта з былых афіцыянтаў вырашыў паспрабаваць вярнуцца ў сферу грамадскага харчавання.

Хтосьці прапануе наведванне «Вельмі дзіўнага бара» дарыць тым, хто табе не надта падабаецца. Адна дзяўчына вырашыла адправіць туды свякроў.

Чытайце таксама:

Новае мінскае кафэ прапаноўвае наведвальнікам кілаграмовы сырнік

«Залаты грабеньчык» зноў спрабуюць прадаць. Гэтым разам цана ўпала на 30%

Ганна Стафановіч