Сеў на скутар і з'ехаў з крыкам «Алах акбар!» Падрабязнасці стральбы ў Бруселі

35 тысяч гледачоў, якія прыйшлі на матч зборных Швецыі і Бельгіі па футболе ў Брусэлі, не маглі пакінуць стадыён чатыры гадзіны пасля забойства тэрарыстам двух шведскіх заўзятараў. Гэта, мяркуецца, быў 45-гадовы Абдэсалем Л., які нарадзіўся ў Тунісе, але жыў у сталіцы Бельгіі.

17.10.2023 / 07:37

Заўзятары пакідаюць стадыён пасля адмены футбольнага матча Бельгія — Швецыя. Фота: Geert Vanden Wijngaert / AP

Тэрарыстычны акт адбыўся ў Бруселі ў панядзелак увечары. Два шведы загінулі ў выніку перастрэлкі недалёка ад плошчы Сенктэлет. Падазраваны, які заявіў аб сваёй прыналежнасці да ІДІЛ, пакуль знаходзіцца на волі. У Брусэлі пагроза павышаная да 4-га ўзроўню, піша Le Soir.

Здарэнне адбылося ў 19:14 па мясцовым часе (20:14 па Мінску) на рагу бульвара Іпр і бульвара Дзявятай лініі.

Карта: Le Soir

Узброены мужчына, апрануты ў неонавы спартыўны касцюм, саскочыў са скутара. Ён страляў у мінакоў, пераследаваў людзей, што хаваліся ў вестыбюлі будынка, у якім размешчаны офісы Фламандскага жыллёвага фонду. Ён таксама стрэліў у чалавека ўнутры будынка з баявой зброі тыпу AR-15, а затым дабіў яго стрэлам у галаву.

Трэці чалавек атрымаў агнястрэльнае раненне, гэта быў кіроўца таксі, але яго жыццё «па-за небяспекай».

Затым стралок сеў на свой скутар і крыкнуў «Алах Акбар!», пасля чаго з'ехаў.

Абдэльсалем Л. Фота: D. R. / Le Soir

У гэты час падазраваны ўсё яшчэ знаходзіцца на волі. Згодна з першапачатковым матэрыялам расследавання, яго завуць Абдэсалем Л.

Гаворка ідзе пра 45-гадовага тунісца, які пражывае ў Брусэлі. Ён запісаў відэа, дзе заявіў пра сваю прыналежнасць да «Ісламскай дзяржавы».

Прэм'ер-міністр Аляксандр дэ Крао назваў гэты акт «баязлівым нападам». Ён таксама пацвердзіў, што тэрарыст спецыяльна пераследваў шведскіх грамадзян. Брусэльскі рэгіён пераведзены на 4-ы максімальны ўзровень надзвычайнага становішча.

Матч адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы па футболе Бельгія — Швецыя быў адменены, аднак ён не меў ніякага турнірнага значэння. Бельгія заваявала пуцёўку на Еўра-2024 у мінулую пятніцу, а Швецыя страціла шанцы туды трапіць.

Тым не менш 35 тысяч заўзятараў доўгі час знаходзіліся на сваіх месцах, а эвакуацыя са стадыёна цягнулася чатыры гадзіны.

09:36

Падазраваны ў забойстве двух шведскіх заўзятараў у Бруселі ліквідаваны ў адным з кафэ.

Яго не маглі адшукаць усю ноч.

Чытайце таксама:

У Бруселі тэрарыст застрэліў двух чалавек

Nashaniva.com