Беларускі матэматык выкладае ў амерыканскім універсітэце. Яго разлікі могуць дапамагчы ў барацьбе з ракам
Матэматык Аркадзь Кірштэйн родам з Беларусі, але ўжо 11 гадоў жыве ў ЗША. Пра сувязь прыкладной матэматыкі з даследаваннем ракавых пухлін ён расказаў у выпуску ютуб-канала «Беларускі вайб».
16.10.2023 / 15:12
Аркадзь Кірштэйн. Скрыншот відэа AlesChakhouski / YouTube
Аркадзь Кірштэйн жыве ў ЗША 11 гадоў. Цяпер ён выкладае ва Універсітэце Тафтса (прыватны ўніверсітэт у горадзе Мэдфард). Адукацыя там з улікам выдаткаў на жытло складае каля 60 тысяч даляраў у год.
Аркадзь мае з універсітэтам кантракт на тры гады. У далейшым ён будзе шукаць магчымасць заключыць пажыццёвы кантракт (так званы tenure). Як тлумачыць Кірштэйн, большасць сталых прафесараў знаходзяцца на кантракце, з якога не могуць звольніць акрамя як за нейкі крымінал. «Гэта зроблена для таго, каб найбольш сталыя прафесары маглі працаваць над навуковымі праблемамі і не хвалявацца за сваё жыццё і заробак».
Аркадзь — даследчык у галіне матэматычнага мадэлявання фізічных і біялагічных працэсаў. Адна з галін яго даследаванняў — мадэляванне ракавай пухліны. Яго вылічэнні у будучым павінны дапамагчы прагназаваць хуткасць росту пухліны.
«Пакуль мы працуем з нечым кшталту сярэдняй тэмпературы па бальніцы. Але рухаемся, каб разумець лепш, як расце рак, што важней для пэўнага віду раку», — тлумачыць даследчык.
Кірштэйн распавёў, што навуковая праца ў ЗША істотна адрозніваецца ад падобнай працы ў Беларусі. Галоўнае адрозненне — фінансаванне: «Памеры грантаў, якія тут можна атрымаць, значна большыя. Ва Усходняй Еўропе ўвогуле няма фінансавання на такія далёкія планаванні».
Аркадзь Кірштэйн лічыць, што ў бліжэйшыя сто гадоў штучны інтэлект не пакіне без працы матэматыкаў.
«Рэч у тым, што ўсе штучныя інтэлекты зараз працуюць статыстычна. Напрыклад, калі я дам яму хатняе заданне па нейкім складаным матэматычным курсе, ён выдасць рашэнне і, напэўна, паразумнее. Але ў адным выпадку з дзесяці гэта рашэнне будзе вельмі-вельмі добрым, паступовым, у ім будзе цяжка знайсці, што не так, але не правільным», — тлумачыць матэматык.
Аркадзь таксама з'яўляецца суарганізатарам беларускіх культурных імпрэз у Бостане. На музычным факультэце ўніверсітэта беларусы Бостана ладзілі выступленні Маргарыты Ляўчук, Іллі Сільчукова, Зміцера Вайцюшкевіча.
Аркадзь распавядае, што для яго годны беларус — гэта той чалавек, які мае «прагу і гонар быць беларусам, арыентаванасць на нешта чалавецкае». «Пасля 2020 года беларусы вельмі шмат данацілі. Мэта іх цягне данаціць. У амерыканцаў ёсць звычка данаціць. А мэту яны знаходзяць».
Чытайце яшчэ:
«Беларускі вайб» — новы праект Алеся Чахоўскага
Беларуская мастачка піша карціны па вядомых кнігах. Ёсць твор і на аповесць «Па што ідзеш, воўча?»