Аліеў падняў сцяг Азербайджана над былым цэнтрам Нагорнага Карабаха
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у нядзелю падняў сцяг краіны ў горадзе Ханкендзі (Сцепанакерце — былой сталіцы самаабвешчанага Нагорнага Карабаха), піша «Свабода».
15.10.2023 / 17:53
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у нядзелю падняў сцяг краіны ў горадзе Ханкендзі, былым Сцепанакерце. Фота: Azerbaijani Presidency / Anadolu via Getty Images
Акрамя таго, Аліеў падняў азербайджанскія сцягі ў Хаджалы, Агдэры і іншых населеных пунктах Карабаха, якія вярнуліся пад кантроль Баку пасля правядзення ў рэгіёне 19 верасня ваеннай аперацыі.
Такім чынам, Азербайджан аднавіў поўны суверэнітэт над Карабахам.
Карабах паводле міжнароднага права лічыцца часткай Азербайджана.
Насельніцтва рэгіёна пераважна складалі армяне. З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку тэрыторыі, там была абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка, не прызнаная ніводнай краінай свету. Акрамя самога Нагорнага Карабаха армянскае войска захапіла некаторыя прылеглыя раёны Азербайджана, што не ўваходзяць у Карабах.
19 верасня Азербайджан у выніку аднадзённай ваеннай аперацыі прымусіў урад непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі капітуляваць.
Армянскае насельніцтва, пад страхам пераследу, масава пакінула свае дамы. Паводле ацэнкі ААН, у рэгіёне за некалькі тыдняў засталося не больш за тысячу са 120 тысяч армян, якія там жылі. Ерэван назваў адʼезд насельніцтва этнічнай чысткай.
Азербайджанскія ўлады заклікалі жыхароў застацца ў рэгіёне і заявілі пра гатоўнасць весці перамовы аб рэінтэграцыі армянскага насельніцтва Карабаха.
Чытайце таксама:
Экс-кіраўніка Нагорнага Карабаха арыштавалі па абвінавачанні ў фінансаванні тэрарызму