Вось дзе ў Мінску будуць масава будаваць жыллё
Blizko.by вывучыў, што гэта за месцы, і паглядзеў, што і як там цяпер.
13.10.2023 / 17:43
Гендырэктар «Мінскбуда» Аляксандр Яцко распавёў, што ў гэтым годзе арганізацыя ўвяла ў эксплуатацыю 17 жылых дамоў для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Напрыклад, у 2023 годзе завершана комплексная забудова і трансфармацыя мікрараёнаў у Чыжоўцы (Чыжоўка-6 і Чыжоўка-6а).
— Фактычна за 3 гады быў знесены прыватны сектар, які размяшчаўся на гэтым участку, і ўзведзена больш за 600 кватэр для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Зараз гэты раён мае скончаны архітэктурны выгляд. На тэрыторыі, прылеглай да «Паўночнага берага», пачалі рэалізацыю праекта забудовы на вуліцы Выгоцкага.
Навінкі
У цэлым у квартале плануецца пабудаваць 10 дамоў, жыллё ў якіх атрымаюць 1.818 чаргавікоў. Сумарная плошча кватэр — звыш 100 тысяч «квадратаў». Дамы пабудуюць у канструкцыях новай серыі 24-РС з сучаснымі планіроўкамі кватэр. Усе дамы па вуліцы Выгоцкага, як удакладняе «Мінскбуд», будуць пабудаваныя на электраацяпленні: у кватэрах запраектаваныя электрычныя канвектары, а ў якасці крыніцы гарачай вады будуць выкарыстоўвацца бойлеры.
Актыўныя работы пачаліся сёлета. Дамы №14 і 15, згодна з генпланам, будуць трохсекцыйнымі па 225 кватэр кожны. У першым доме пад нумарам 14 па генплане запланавана 19 паверхаў і 3 секцыі. Ён будзе разлічаны на 225 кватэр з поўным аздабленнем. Аднапакаёўкі — на 2—4 пакоі. Жыллё тут атрымаюць тыя, хто мае патрэбу. Дом маюць намер пабудаваць за 14 месяцаў.
Затым з'явяцца яшчэ 6 высокіх дамоў, дзіцячы сад на 350 месцаў і школа на 1.020 месцаў.
Што там цяпер? З аднаго боку — чыстае поле, з другога — прымыкае жылы мікрараён Навінкі (а канкрэтна тая яго частка, у якой размешчаны манастыр). Пачатковыя будаўнічыя працы трапілі на свежыя Яндэкс.Панарамы, знятыя ў ліпені гэтага года.
Там ужо паспелі ўзвесці падмурак 14-га дома, будоўля ідзе бадзёра.
Прамзона на Гурскага
Тут будуць будаваць на месцы вытворчай базы «Мінскбуда» ў межах вуліц Гурскага і Глаголева, дзе цяпер у асноўным размяшчаюцца склады. Вуліца Глаголева — адна з самых індустрыяльных ва ўсёй сталіцы. Справа і злева тут запар платы, асфальту няма, затое ёсць кінутыя аўтамабілі, будаўнічае смецце і рэйкі.
Зараз ідзе працэс афармлення дазволу на праектаванне. Потым яшчэ год спатрэбіцца для распрацоўкі дакументацыі, таму будаўнічыя работы магчымыя не раней 2024-2025 гадоў.
Курасоўшчына
У Курасоўшчыне збіраюцца асвоіць дзве будаўнічыя пляцоўкі: у раёне вуліц Сярова — Жлобінская — Асаналіева — Любанская і Сярова — Любанская — Асаналіева. Тут будуць зносіцца двухпавярховікі 1940-1960-х гадоў пабудовы. На гэтай тэрыторыі плануецца ўзвесці больш за 60 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля. У 2024-м пачнуць будаваць першы дом, выкарыстоўваючы сістэму каркаснага домабудавання Мінскага домабудаўнічага камбіната.
Дамы будуць 9-16-павярховыя. Першыя два запланаваныя ўздоўж вул. Сярова, адзін — пад адсяленне жыхароў, другі — для менчукоў, якія маюць патрэбу. Ужо прыступілі да рэалізацыі маёмасных правоў грамадзян, адначасова ідзе праектаванне.
Мінск-Усходні
Недалёка ад чыгуначнай станцыі Мінск-Усходні, на яшчэ адной прамысловай пляцоўцы «Мінскбуда», таксама з'явіцца жыллё. А канкрэтна — у раёне вуліц Захарава і Андрэеўскай. Чамусьці «Мінскбуд» называе гэтае месца ціхім цэнтрам, хоць жыллё каля чыгункі наўрад ці назавеш ціхім.
Пакуль што канцэпцыя праходзіць узгадненне, і калі яна будзе адобрана, то тут плануецца ўзвесці пяць будынкаў. На першым этапе — тры 17-19-павярховыя дамы з павышанымі спажывецкімі характарыстыкамі, з убудаванымі памяшканнямі сацыяльнага і гандлёвага прызначэння. Канцэпцыяй таксама прадугледжаны паркінгі і ландшафтны дызайн тэрыторыі. Дызайн жылога комплексу прапанавала студыя «Арх-Нуво».
Валгаградская
Дырэктар УКБ Мінгарвыканкама Анжэла Бабарыка распавяла, калі пачнуць асвойваць пляцоўку паблізу вуліцы Валгаградская, на месцы завода «Агат». Яна кажа, што цяпер па ўчастку ў раёне праспекта Незалежнасці ідуць перадпраектныя работы:
— Трэба разумець, што там — вельмі вялікая тэрыторыя, на якой неабходна будзе ажыццявіць знос вялікай колькасці аб'ектаў, а таксама — пераключэнне вялікай колькасці сетак. Зайсці на гэтую пляцоўку мы плануем дзесьці ў 2026 годзе.
Па праекце большую частку вытворчых будынкаў і пабудоў збіраюцца знесці. Дамы будуць не вышэй за 32 метры: у заданні на праектаванне ёсць абмежаванні па вышыні забудовы. Мяркуецца, што гэта будзе дзевяць дзесяціпавярховых дамоў прыкладна на 1.180 кватэр.
На тэрыторыі ЖК запланаваны дзіцячы сад, грамадскія аб'екты і шматузроўневыя паркінгі. А вось школа, паліклініка і аптэка не прадугледжаныя. Што тычыцца жылой забудовы, прадуманы закрытыя і напаўзачыненыя групы шматкватэрных дамоў з арганізацыяй бестранспартных дваровых прастор.
Уздоўж вуліц Валгаградскай і Кедышкі пабудуюць дамы з крамамі, майстэрнямі і іншымі аб'ектамі на першых паверхах. Праз квартал пройдзе пешаходная дарожка, якая вядзе да метро. Уздоўж вуліцы Кедышкі запланаваная веладарожка.
Кавальская слабада
Недалёка ад станцыі метро «Кавальская Слабада» захаваўся немалых памераў прыватны сектар: у межах вуліц Авакяна — Быхаўская — Пензенская — Аэрадромная і Сенніцкая — Нафтавая — Аэрадромная — Жукоўскага. Анжэла Бабарыка назвала тэрміны, калі яго збіраюцца знесці.
— Цяпер ідзе перадпраектная праца па забудове гэтага ўчастка. Рэалізацыю маёмасных правоў пачнём дзесьці з 2026 года. Хоць у пачатку года паведамлялася, што адсяленне («рэалізацыя маёмасных правоў») пачнуць ужо ў гэтым годзе. Тут намечаны кварталы новай шматкватэрнай забудовы. На тэрыторыі будуць школа, дзіцячы сад, іншыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры. Забудоўшчыкам вызначаны УКБ Мінгарвыканкама.
Лошыца
Лошыца — адзін з самых хуткарослых раёнаў сталіцы. На былой пустцы тут ужо ўзвялі з тузін шматпавярховікаў. Але тут яшчэ і вялікі прыватны сектар. Яго, вядома, таксама збіраюцца выкарчаваць. Анжэла Бабарыка тлумачыць:
— Цяпер распачатая рэалізацыя маёмасных правоў грамадзян, для таго, каб можна было ажыццявіць знос на гэтай тэрыторыі. Непасрэдна да будаўніцтва мы плануем прыступіць у 2025 годзе. [ … ] Таксама ўжо пачата будаўніцтва двух жылых дамоў для адсялення грамадзян з прыватных дамоў, у першую чаргу — з таго ўчастка, на якім мы плануем будаваць Лошыцу-5. Акрамя таго, пачалося будаўніцтва і Лошыцы-10. Там цяпер таксама ўзводзіцца дом, кватэры ў якім прапануем адсяленцам.