«Праз некалькі хвілін вагон пранізалі крыкі Агурбаш». Прапагандысты звярнулі ўвагу на песні ў цягніках

Прапагандыст Юрый Увараў абурыўся, што ў цягніках дагэтуль гучаць песні Анжалікі Агурбаш.

12.10.2023 / 21:54

Анжаліка Агурбаш. Фота: angelicaagurbash / instagram

Увараў у сваім канале распавёў, як ехаў з Гродна цягніком Гродна-Гомель. 

«Праз некалькі хвілін вагон пранізалі крыкі Агурбаш», — піша Увараў.

Ён гэта без увагі не пакінуў і «запрасіў начальніцу цягніка».

Высветлілася, што ў цягніку песню на жаданне не паставіш.

«Тая развяла рукамі: «Рэпертуар падбіраем не мы, нам даюць флэшку для радыёвузла». Цікаўлюся, хто складае рэпертуар. Аказваецца, Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі. Бэчэбесы ніяк не суцішацца.

Колькі праклёнаў гэтая спявачка ротам правішчала ў адрас нашага прэзідэнта! А цяпер яе нехта вырашыў уключыць у рэпертуар радыёвузлоў цягнікоў!» — на шкадуе клічнікаў Увараў.

Ён дае кантакты ў допісе Баранавіцкага аддзялення чыгункі — маўляў, «не грэх задаць пытанне кіраўніку аддзялення».

Між тым, іншыя ябацькі абураюцца, што песні Агурбаш спяваюць людзі, недастойная выконваць такія «патрыятычныя песні».

Nashaniva.com