Беларусь і Расія думаюць стварыць сумесную камісію па гісторыі, каб «не маніць моладзі»

А намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі кажа, што «раней да гісторыі не было такога ўважлівага стаўлення, як цяпер».

12.10.2023 / 15:16

Беларусь і Расія прапрацоўваюць пытанне аб стварэнні сумеснай камісіі па гісторыі, паведаміў журналістам намеснік старшыні Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Мікалай Аўсіенка на форуме «Гісторыя для будучыні. Расія і Беларусь», піша «Спутнік».

«…Для таго, каб мы маглі цалкам доказна з фактамі ў руках і з дакументамі скласці агульныя падыходы да нашай агульнай гісторыі», — адзначыў прадстаўнік РВІА.

Аўсіенка падкрэсліў, што пра гэта трэба распавядаць сумленна: «Моладзі нельга хлусіць. Вось гэта самае галоўнае».

Ён нагадаў, што нядаўна расійскія і беларускія навукоўцы стварылі сумесную экспертную раду.

У сваю чаргу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ігар Луцкі заявіў, што беларускі бок падтрымлівае ідэю агульнай камісіі. З ягоных слоў, ужо цяпер навукоўцы дзвюх краін і прэзідэнцкія адміністрацыі шчыльна працуюць у гэтым кірунку.

Ён адзначыў, што «раней да гісторыі не было такога ўважлівага стаўлення, але цяпер трэба больш уважліва ставіцца да таго, як інтэрпрэтуюць гістарычныя падзеі тыя ці іншыя СМІ і некаторыя выдавецкія праекты».

Nashaniva.com