На фестывалі ў Ізраілі загінула дзяўчына з Бразіліі. Яе родныя баяліся, што на пахаванні будзе мала людзей, і напісалі пра гэта ў сетках. А вось як было
Бруна Валеану пераехала ў Ізраіль з Бразіліі 10 гадоў таму, у тым ліку ў пошуках больш бяспечнага жыцця. Яна служыла інструктаркай па стральбе ў ізраільскім войску і вучылася ў Тэль-Авіўскім універсітэце, піша «Медуза».
11.10.2023 / 19:09
7 кастрычніка яна паехала на музычны фестываль, які праходзіў у пустыні побач з сектарам Газа. Пры нападзенні баевікоў ХАМАС былі забіты не менш за 260 чалавек. Бруна таксама загінула. У апошнім паведамленні з фестывалю, як расказалі яе сябры і калегі, яна напісала, што яе атачылі ўзброеныя людзі. Пасля гэтага сувязь з ёй знікла.
У Ізраілі ў дзяўчыны ёсць толькі маці і сястра. Яны баяліся, што на пахаванні будзе мала людзей, і валанцёры, якія дапамагалі ім,
апублікавалі допіс, у якім папрасілі сабраць міньян — кворум, неабходны для правядзення пахавальнага абраду. На цырымоніі павінны прысутнічаць як мінімум 10 дарослых мужчын. У выніку на пахаванне, як паведамляе ізраільскі канал N12, сабралася каля 10 тысяч чалавек.
Адзін з арганізатараў валанцёрскіх атрадаў «Зака» Макс Бродскі распавёў, што таксама ўбачыў паведамленне, у якім сябры Бруны «выказалі неспакой, што не будзе міньяна».
«Ну раз такая рэч, трэба ехаць дапоўніць міньян, падумалі мы з сынам, і яшчэ пару тысяч чалавек падумалі гэтак жа і прыйшлі на могілкі», — напісаў Бродскі.
«Тысячы! Тысячы людзей ідуць! Прыпаркавалі машыны за некалькі кіламетраў ад могілак і пайшлі пешшу», — напісаў яшчэ адзін ізраільцянін, які прыйшоў на пахаванне.
Чытайце таксама:
Мы пераходзім у наступ. Газа ніколі не вернецца да таго, што было раней — міністр абароны Ізраіля
Зніклая ў Ізраілі нямецкая дзяўчына Шані Лук знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы ў сектары Газа
Сярод людзей, што хочуць пакінуць сектар Газа, ёсць беларусы