Беларускім вытворцам дадуць ільготы на арэнду плошчаў у гандлёвых цэнтрах

Адпаведнае пагадненне для сталіцы падпісалі 10 кастрычніка Мінгарвыканкам, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і буйныя арэндадаўцы.

11.10.2023 / 11:40

Фота: інстаграм ГЦ «Ждановічы»

Пагадненне падпісалі такія кампаніі, як «Гранд Атрыум» «ЕўраСтэпГруп», «Галерэя Канцэпт», «А-Сіці», «Гандлёвы дом «Ждановічы», «Еўрагандаль», «БелМартПлаза», паведамляюць «Мінск-Навіны».

Дакумент прадугледжвае льготу па арэнднай плаце для айчынных вытворцаў, арэндныя канікулы да трох месяцаў і іншыя нормы. Уладальнік гандлёвага цэнтра і вытворца выбіраюць або ўсе гэтыя льготы, або нешта адно. Могуць быць і іншыя прэферэнцыі, але гэта вызначаецца ў ходзе дамоўнай працы і не абавязкова актывуецца ў пагадненні.

Беларускім вытворцам пры арэндзе будуць даваць зніжку не меншую за 15%. 

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама падкрэсліла, што некаторыя прадпрыемствы гандлю ўжо максімальна насычаны беларускімі таварамі, але гэта ў першую чаргу заслуга тых вытворцаў, якія самі актыўна прасоўваюць прадукцыю.

«Хацелася б, каб як мінімум 50% гандлёвых плошчаў займалі айчынныя вытворцы, бо іх прадукцыя гэтага вартая», — адзначыла першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.

Nashaniva.com