У Магілёве «русіфікавалі» крыж на месцы сталінскіх расстрэлаў
Замест дэмантаванага крыжа на месцы ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Магілёве з’явіўся новы, але яго выгляд выклікае пытанні.
10.10.2023 / 21:31
Месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, кар’ер каля Магілёўскага мясакамбіната закранула рэканструкцыя адной з самых ажыўленых магістраляў Магілёва — праспекта Дзімітрава.
Дубовы памятны крыж, пастаўлены тут калісьці грамадскасцю, быў заменены на новы чатырохканцовы. Новы драўляны крыж выраблены з масіву сасны, размаляваны і накрыты стрэшкай з разным падзорам.
Як паведамляе выданне mogilev.media, якое апублікавала здымак новага крыжа, на ім ёсць рускамоўны надпіс «Кресту твоему поклоняемся владыко и воскресение твоё славим». Форма і афармленне крыжа таксама, відавочна, пераймаюць расійскую традыцыю, а не беларускую.
Новы крыж у расійскай традыцыі. Фота: «Магілёў.media»
Гэтае месца, тады размешчанае далёка ад горада, было спярша вядомае як «конскія могілкі», бо тут быў скотамагільнік. Прыблізна ў 1932 годзе быў арганізаваны калгас, які праз нейкі час аб’ядналі з іншымі гаспадаркамі і назвалі саўгасам «Давыдаўка». Памеры скотамагільніка раслі, тэрыторыю нават абнеслі агароджай і паставілі ахоўніка.
Вось што пісаў у рэспубліканскай газеце «Знамя Юности» ў лістападзе 1990 года вядомы магілёўскі грамадскі дзеяч Міхась Булавацкі пра гісторыю расстрэльнага кар’ера, з апорай на яшчэ жывых сведкаў тых падзеяў:
«Па начах за агароджу заязджалі машыны, чуліся ціхія галасы, некалькі стрэлаў і машыны ад’язджалі. Так працягвалася некалькі гадоў запар, амаль кожную ноч. Мясцовыя жыхары ведалі, што замест скаціны туды прывозілі людзей. Па-першае, ахоўнікі не вытрымлівалі і распавядалі пра ўсё сваім сваякам. Па-другое, цікаўныя дзеці заўжды знаходзілі ў плоце дзіркі дый час ад часу назіралі за тым, што адбываецца за плотам.
Каты эканомілі патроны — у патыліцу ахвяры толькі адзін стрэл. І калі ён быў няўдалы і чалавек яшчэ дыхаў, яго скідалі проста ў яміну паміраць. Крыху прысыпвалі зямлёй дый чакалі наступнага дня — новай расстрэльнай партыі. Дзеці раніцай потым бачылі, як тырчэлі з-пад зямлі рукі і ногі, бачылі, як «дыхае» зямля, дый уцякалі ад страху.
Сведкі тых падзеяў успомнілі толькі два выпадкі, калі параненым удалося збегчы. Аднаго непрытомнага небараку зацягнуў да сябе нехта з мясцовых жыхароў, патрымаў некалькі дзён, пакуль той не паздаравеў дый сышоў. Іншаму пашчасціла болей: ён нават не быў паранены — пэўна, пісталет даў асечку ці яшчэ нешта спрацавала не так, але ноччу гэты чалавек сам выпаўз з магілы са звязанымі ззаду рукамі і драўляным кляпам у роце (такія кляпы рабілі, каб «працэдура» праходзіла ціха) і пагрукаў у калітку знаёмага.
Адным з першых у гэтую зямлю яшчэ ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ляглі рэлігійныя дзеячы: айцец Мікалай з блізкай царквы, якая праз пару год была разбураная (цяпер на гэтым месцы стаіць школа), і некалькі каталіцкіх святароў. Гэта быў час, калі распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць царкоўных служкаў.
Скончылася бойня на скотамагільніку ў 1938-м альбо 1939 годзе. У 1941-м Магілёў захапілі немцы. Кар’ер ім спадабаўся добрым пясочкам для будоўляў, і фактычна яны правялі першыя раскопкі. Фашысты аказаліся неблагімі псіхолагамі. Як сведчылі відавочцы тых падзеяў, яны, выкапаўшы вялізную гару чалавечых костак, побач паставілі вялізную шыльду з надпісам «Посмотрите, что с вами делал Сталин».
Крыж памяці ахвярам бальшавіцкага тэрору. 1990 г. Фота: Міхась Булавацкі
Пасля вайны з кар’ера працягвалі здабываць пясок, развозячы на будоўлі разам з косткамі ахвяр.
Брацкая магіла была знойдзена падчас будаўнічых работ у 1987 годзе. Сваякі тых, хто зазнаў пераслед, пачалі ўскладаць на гэтым месцы кветкі на ўспамін пра памерлых, хаця лёс тых, хто быў пахаваны тут, спачатку не быў высветлены.
Створаная ў 1989 годзе камісія па даследаванні гэтага пытання эксгумавала з брацкай магілы рэшткі больш як 500 ахвяр. У выніку гэтых работ было пацверджана падазрэнне, што гэтыя рэшткі належаць людзям, расстраляным у 1920—1930-х гг. у рамках сталінскага тэрору.
Далейшыя пошукі ў архівах засведчылі, што першымі расстралянымі на гэтым месцы былі прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Пачынаючы з 1989 года ў гэтым месцы на дзень памяці продкаў розныя арганізацыі, а таксама Царква і Касцёл ладзяць памінальныя мерапрыемствы.
Першы мемарыяльны крыж ахвярам рэпрэсій на гэтым месцы быў урачыста адкрыты 4 красавіка 1989 года на Радаўніцу, дзень памяці продкаў. Ініцыятыва ўсталявання васьміметровага памятнага крыжа зыходзіла ад аб’яднання «Мартыралог Магілёва» і ягонай старшыні Тамары Раманьковай. Разам з тым у справе бралі ўдзел праваслаўная і каталіцкая абшчыны горада. У 1998 годзе струхлелы крыж быў адрэстаўраваны групай мастакоў.
Стары шасціканцовы крыж. Фота: 6tv.by
Крыж, які стаяў тут да рэканструкцыі, быў шасціканцовым — які шануецца як бясспрэчны нацыянальны сімвал рознымі часткамі беларускага грамадства. Ён адначасова і перайманне формы крыжа Еўфрасінні Полацкай, і варыяцыя крыжа Ягелонаў, яго можна адшукаць і на шчыце вершніка на гербе «Пагоня», на сімволіцы Беларускай праваслаўнай царквы і нацыянальных арганізацый.
Падчас правядзення рэканструкцыі праспекта Дзімітрава ў Магілёве змены закранулі таксама месца ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Год таму, на восеньскія Дзяды, прадстаўнікі грамадскасці традыцыйна ўскладалі кветкі да гэтага крыжа. А сёлета ў лютым прадстаўнікі праваслаўнай грамады арганізавалі да памятнага крыжа хрэсны ход з казакамі, хоць звычайна Царква, следам за дзяржавай, ігнаруе месцы масавых забойстваў 1920—1930-х гадоў.
Хрэсны ход у лютым 2023 года. Фота: «Магілёў.media»
Цяпер на месцы вялікага беларускага крыжа стаіць невялікі крыж, быццам наўмысна пазбаўлены беларускага нацыянальнага аблічча.
Яшчэ адзін крыж, невялікі, пастаўлены грамадскасцю, застаўся на ранейшым месцы. Да яго перанеслі таблічку з надпісам «Крыж Памяці аб бязвінна забітых у 20-х-30-х гадах XX стагоддзя».
Чытайце таксама:
Са сталічнага парку Чалюскінцаў знікла згадка пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій