Аятала Хаменеі: Іран цалуе рукі тым, хто напаў на Ізраіль
Духоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі заявіў у аўторак, што Тэгеран не датычны да нападу групоўкі ХАМАС на Ізраіль, але вітаў «непапраўную» вайсковую паразу Ізраіля і правал ягонай разведкі.
10.10.2023 / 13:00
Вярхоўны лідар аятала Алі Хаменеі выступае падчас цырымоніі, прысвечанай гадавіне смерці лідара рэвалюцыі 1979 года аяталы Хамейні (на плакаце ўверсе справа) у яго маўзалеі недалёка ад Тэгерана. Фота: Office of the Iranian Supreme Leader via AP
У сваім першым пасля нападу выступе па тэлебачанні Хаменеі сказаў: «Мы цалуем рукі тым, хто планаваў напад на сіянісцкі рэжым», піша Бі-бі-сі.
«Гэты разбуральны землятрус знішчыў некаторыя крытычна важныя структуры (у Ізраілі), якія не будзе лёгка аднавіць», сказаў Хаменеі. — У гэтай катастрофе вінаватыя дзеянні самога сіянісцкага рэжыму».
Іран адмаўляецца прызнаваць права Ізраіля на існаванне і бачыць сваёй задачай яго поўнае знішчэнне, іранскія афіцыйныя асобы не ўжываюць слова «Ізраіль», выкарыстоўваючы замест яго эўфемізмы, накшталт «варожае ўтварэнне» або «сіянісцкі рэжым».
Іран выступае адным з вядучых спонсараў экстрэмісцкіх груповак, такіх як ХАМАС або «Хезбала», і многія лічаць, што менавіта Іран стаіць за цяперашнім нападам на Ізраіль з сектара Газа.
У панядзелак намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША Джон Файнер зноў заявіў, што, хоць ЗША лічаць Іран датычным да нападаў ХАМАС на Ізраіль, на гэты момант у ЗША няма «прамой інфармацыі», якая злучае Тэгеран з гэтымі нападамі.
Рэспубліканцы ў ЗША рэзка крытыкуюць адміністрацыю Джо Байдэна за прынятае ў канцы верасня рашэнне перадаць Тэгерану замарожаныя актывы на 6 млрд даляраў, якое, як яны лічаць, развязала Ірану рукі ў падрыхтоўцы нападу на Ізраіль.
Чытайце таксама:
Падчас баёў у Ізраілі цяжка паранены генерал Арміі абароны — ураджэнец Беларусі
Прэзідэнт Палесціны наведае Маскву
Уначы ў сектары Газа прагрымелі магутныя выбухі
ХАМАС прыгразіў забіваць па адным закладніку ў адказ на кожны напад Ізраіля на грамадзянскія будынкі