Ціханоўская ў Даніі сустрэлася з кронпрынцам і беларускай дыяспарай
Абраны лідар Беларусі знаходзіцца з візітам у гэтай скандынаўскай краіне, дзе атрымае прэмію ад Парламенцкай асамблеі НАТА.
09.10.2023 / 14:16
Прынц Фрэдэрык (поўнае імя: Фрэдэрык Андрэ Хенрык Крыстыян) на фота другі справа. Фота: ОСЦ
Ціханоўская сустрэлася з наследным прынцам Даніі Фрэдэрыкам на прыёме з нагоды Саміта Парламенцкай асамблеі НАТА ў Капенгагене.
Яна распавяла прынцу пра сітуацыю ў сённяшняй Беларусі і падкрэсліла, што беларусы не здаліся і бачаць сваю краіну дэмакратычнай і еўрапейскай.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з беларусамі Даніі і падзякавала ім за актыўнасць і працу, якую яны робяць тут, каб трымаць Беларусь на парадку дня і падтрымліваць Украіну, паведамляе яе прэс-служба.
Фота: ОСЦ
Сёння Святлана Ціханоўская атрымае прэмію ад Парламенцкай асамблеі НАТА «Жанчыны — за мір і бяспеку». Яе ўручаюць жанчынам, якія ўнеслі адметны ўнёсак у фармаванне бяспечнага свету.
На час візіту запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам Парламенцкай асамбелі НАТА, міністрам замежных спраў Даніі, спікерам парламента і членамі Камітэта па замежных справах.
Данія з'яўляецца адной з найстарэйшых манархій: каралеўская сям’я налічвае 1000 гадоў сваёй гісторыі.