«Змагацца, не пакладаць рук». Паліна Шарэнда-Панасюк скарыстала апошняе слова, каб звярнуцца да людзей
абноўлена
Гэтую маму дваіх дзяцей асудзілі яшчэ на адзін год і тры дні калоніі.
09.10.2023 / 15:10
Паліна Шарэнда-Панасюк
Сёння працягнуўся суд над палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк. Па інфармацыі брэсцкіх праваабаронцаў, пракурор запрасіў год зняволення для жанчыны, то-бок максімум, які прадугледжваецца (ч. 1 арт. 411 КК). Суддзя Станіслаў Іванюценка пакараў фактычна такім тэрмінам: год і тры дні калоніі.
Паліна, якую затрымалі 3 студзеня 2021 года, мелася выйсці на волю мінулым летам, але яе асудзілі яшчэ да 1 года калоніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
На волі яе чакаюць муж Андрэй і двое малых дзяцей.
У апошнім слове Паліна Шарэнда-Панасюк параўнала падзеі 2020 года ў Беларусі з паўстаннем Кастуся Каліноўскага. Паводле палітзняволенай, людзі, якія ахвяруюць сабой дзеля незалежнасці і дэмакратыі, «будуць названыя ў новай Беларусі героямі», а тых, хто іх цяпер катуе, чакае суд.
«Беларусь абавязкова будзе вольнай, але дзеля гэтага трэба змагацца, не пакладаць рук», — сказала з лавы падсудных Паліна Шарэнда-Панасюк.
Чытайце таксама:
Паліна Шарэнда-Панасюк на судзе заявіла пра збіванні і ціск у калоніі
У Рэчыцы пачынаецца суд над Палінай Шарэндай-Панасюк. Яе збіраюцца трэці раз пакінуць за кратамі