На дыскусіі пра беларускі тэатр на фестывалі «Прадмова» выступіў адно Вырыпаеў
Учора, 7 кастрычніка, у межах фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova ў Варшаве адбылася дыскусія «Беларускі тэатр у выгнанні: як знайсці свой шлях», расказвае reform.by.
08.10.2023 / 12:38
У размове мусілі прыняць удзел беларускі тэатральны рэжысёр Юра Дзівакоў і расійскі рэжысёр Іван Вырыпаеў (мадэратар сустрэчы — Андрэй Масквін). Але Юры Дзівакоў захварэў — і па тэме ў выніку разважаў у фармаце анлайн толькі спадар Вырапаеў. Вольна ці нявольна, атрымалася, што голасам незалежнага беларускага тэатра стаў расійскі аўтар.
Гэта абурыла тэатральную супольнасць.
«Вырыпаеў распавядае пра беларускі тэатр на фестывалі Pradmova. У арганізатараў не з’явілася думкі пазваць беларусаў? Пры тым, што тэатральных дзеячаў і дзяячак тут да халеры», — падняла пытанне беларуская тэатральная рэжысёрка, музыка і акторка Паліна Дабравольская.
Летась Pradmova трапіла ў падобную сітуацыю. Арганізатары запрасілі на леташні форум расійскага кінакрытыка Антона Доліна — гэта справакавала хвалю рэакцый. У выніку Долін ад удзелу ў мерапрыемстве адмовіўся.
Іван Вырыпаеў вядомы публіцы як рэжысёр фільмаў «Эйфарыя», «Кісларод», «Танец Дэлі» ды іншых. Ён сузаснавальнік прадзюсарскай кампаніі WEDA і з 2014 года жыве ў Польшчы. Летась прыняў рашэнне аб адмове ад расійскага грамадзянства. Тады ж атрымаў польскае. У польскіх тэатрах ён ставіў спектаклі «Дзённік Жарабцовай Паліны» (Музей Паўстання, Варшава), «Дзядзя Ваня» (Польскі тэатр ім. Арнольда Шыфмана, Варшава). У 2021 разам з беларускімі і польскімі акцёрамі паставіў спектакль «1.8 m», заснаваны на рэальных гісторыях палітзняволеных Беларусі.