У Мінску прадаецца чорная і чырвоная кукуруза. Прычым вырашчана яна ў Беларусі

На прылаўку сталічнага гіпермаркета знайшлі навінку — кукурузу чорную і чырвоную. Ёсць яшчэ і рознакаляровы варыянт. І ўся гэта прыгажосць — айчыннай вытворчасці.

06.10.2023 / 13:51

Але каштуе яна ў пяць разоў даражэй за звычайную. Карэспандэнт «Мінск-Навінаў» параўнала цэны і разабралася, што гэта за цуд прыроды.

Фота: «Мінск-навіны»

За незвычайную, але, па сутнасці, звыклую расліну просяць 12,99 рубля за кілаграм (да зніжкі — 17,5 рубля).

У іншым гіпермаркеце пішуць «Перуанская» за 16,99 рубля/кг. Для параўнання: звычайная, жоўтая, каштуе 2-3 рублі.

Абодва нестандартныя варыянты вырашчаны ў Беларусі. Вывеў незвычайны гатунак у 2019-м загадчык лабараторыі, кіраўнік аб'яднання па інтарэсах «Генетыка і селекцыя» Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Іван Рускіх.

Натхніўся біёлаг гатункам Glass Gem (распаўсюджаны ў ЗША). Яго зярняткі падобныя да рознакаляровых празрыстых ледзяшоў. Здавалася б, купі насенне і вырасці. Але капрызная расліна наадрэз адмаўлялася асімілявацца. Беларус збіраў насенне па ўсім свеце, перасылалі нават мексіканскі сінявата-чорны гатунак. На працу пайшло сем гадоў. І нарэшце ён атрымаў унікальную прыгажосць Made in Belarus.

Уласна, цяпер вырасціць такую ж незвычайную кукурузу можа любы. У продажы ёсць насенне пад назвамі «Графіці» і «Канфеці».

Дарэчы, адзін беларускі блогер хваліўся год таму ўдалай спробай.

Казаў, вымахала расліна пад тры метры ў вышыню. Хоць спачатку зярняткі ў катахах былі абсалютна не характэрнага малочнага адцення. Але саспелі цалкам і паказалі сябе ва ўсёй прыгажосці.

А цяпер пра галоўнае: ці можна есці? На этыкетцы заяўлена «Цукровая», але на выгляд зярняткі здаюцца цвёрдымі. Тыя, хто каштаваў, казалі, што есці можна.

Паводле ацэнак спецыялістаў, яшчэ і карысна. І. Рускіх падкрэсліваў: чорную афарбоўку надае антацыян (антыаксідант).

Ёсць яшчэ адзін цікавы гатунак — «Сунічная паляна». Выглядае як велізарная пераспелая ягада. Але вытворца сумленна пазначае: прыемная на смак у малочнай спеласці.

Чытайце таксама:

Заўтра ў Беларусі засмажаць самую вялікую ў краіне катлету

У Мінску падаюць гіганцкую каву. Змяшчальнасць філіжанкі — 6 літраў

Nashaniva.com