Айцішнікі з праблемамі са здароўем атрымліваюць позвы ў ваенкамат
Медыя паведамляюць, што беларусам прыходзяць позвы — просяць паўторна прайсці медкамісію. Пра некалькі выпадкаў піша Dev.by.
05.10.2023 / 09:01
Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»
25-гадоваму Васілю (усе імёны ў матэрыяле змененыя. — Заўв.) позва прыйшла яшчэ пры канцы ліпеня. Проста на працу ў ІТ-кампанію. Дагэтуль тэлефанавалі на мабільны, але ён не падымаў трубкі (малады чалавек тлумачыць, што ў прынцыпе не размаўляе з тымі, хто тэлефануе з незнаёмых нумароў, выключэнне робіць, толькі калі чакае кур’ера).
— Паклікалі прайсці медыцынскі пераагляд. Хаця яшчэ 2 гады таму мне далі «ваенны»: у графе, дзе звычайна ставяць дату наступнай паўторнай медкамісіі (у залежнасці ад дыягназу), было напісана «без пераагляду». Я быў прызнаны непрыдатным да службы ў мірны праз высокую міяпію (блізарукасць) -6,5 на абодва вокі.
Я спакойна пайшоў, бо думаў, што буду непрыдатны праз здароўе. Але бам — выявілася, што цяпер я прыдатны пры -7. Неўзабаве забяруць служыць.
У лютым 2023 у Беларусі перагледзелі патрабаванні да прыдатнасці прызыўнікоў.
Згодна з пастановай Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя, змены закранулі 22 пазіцыі з 89 у спісах хвароб пры вызначэнні катэгорыі прыдатнасц. Сярод іх:
- бранхіяльная астма;
- плоскаступнёвасць і іншыя дэфармацыі ступні;
- хваробы печані, жоўцевыводных шляхоў, падстраўнікавай залозы;
- хваробы паражніны носа, каляносавых пазух, глоткі, алергічныя рыніты;
- гемарой;
- дэфармацыі, хваробы пазваночніка і іх наступствы;
- хваробы мужчынскіх палавых органаў;
- артэрыяльная гіпертэнзія і г. д.
Напрыклад, калі раней пры блізарукасці любога вока, большай за 6,0 і да 8,0 дыёптрый, пазначаўся статус «непрыдатны ў мірны час», то цяпер «прыдатны з абмежаваннямі».
Служыць (статус «прыдатны з нязначнымі абмежаваннямі») можна будзе з некаторымі прыкметамі плоскаступнёвасці, з дыягназам «бранхіяльная астма» пры адсутнасці прыступаў на працягу пяці гадоў, а таксама з гемароем без выпадзення вузлоў.
Змяніліся патрабаванні і ў плане вагі. Раней грамадзяне з масай цела большай за 90 кг былі непрыдатныя да вайсковай службы ў сілах спецыяльных аперацый. Цяпер планку паднялі да 100 кг.
Служыць «з нязначнымі абмежаваннямі» змогуць і людзі з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела большым за 37 кг/м2.
Поўны пералік можна знайсці тут.
Вайсковае і медыцынскае ведамства сталі працаваць над змяненнем патрабаванняў да стану здароўя прызыўнікоў нібыта праз «вялікую колькасць зваротаў ад грамадзян, якія лічаць, што патрабаванні да стану здароўя значна завышаныя і не дазваляюць маладым людзям рэалізоўваць мару стаць вайскоўцамі».
На пытанне, ці пойдзе суразмоўца служыць у войска, ён адказвае сцвярджальна.
— Ёсць шэраг рэчаў, вышэйшых за мяне, і каб рэалізаваць свае планы ў будучыні, на жаль, я не стану ўцякаць.
Пры гэтым малады чалавек упэўнены: на яго здароўе служба ў войску наўрад ці адаб’ецца станоўча (праблемы, праз якія раней ён не быў прыдатны, не зніклі), на яго працы — таксама. Хаця цяпер ён на бэнчы, наш суразмоўца баіцца, што праз год яму складана будзе працаўладкавацца.
27-гадовы (на момант атрымання позвы яму было 26) Зміцер паведамляе, што позва прыйшла па месцы прапіскі. Каля 5 гадоў таму малады чалавек прайшоў медкамісію — зафіксавалі скаліёз і кіфоз трэцяй ступені.
— Мінулага разу доктар казаў, што са скаліёзам, як у мяне, служыць можна, але з кіфозам — не. Я вырашыў зверыцца з інструкцыяй, раптам нешта змянілася. І вось жа — я прыдатны. А спіна чамусьці баліць, вось няўдача.
Таксама напісалі два чытачы, якія не падпадаюць пад прызыў на тэрміновую службу. Іх паклікалі на зверку даных і «не зборы, а заняткі».
25-гадовы Вячаслаў (у чыне яфрэйтара пасля тэрміновай службы) распавёў, што яму на працу патэлефанавалі з ваенкамата яшчэ ў дваццатых чыслах верасня.
— Як мне потым патлумачылі, мяне папрасілі прыехаць у канкрэтны дзень, а 9:00 з вайсковым білетам — але гэта, тыпу, не зборы, а «нейкія заняткі».
Так супала, што гэты наш суразмоўца таксама быў у адпачынку, таму мерапрыемства прапусціў. Ён кажа, што працягу гісторыя пакуль не атрымала — яму не тэлефанавалі, позваў больш не дасылалі.
47-гадовы Леў (афіцэр запасу пасля вайсковай кафедры, у войску ніколі не служыў) паведаміў, што яму таксама прыйшла днямі позва з патрабаваннем з’явіцца «для зверкі звестак». Такая ж паперка прыходзіла і паўгода, і год таму, але ў гэтай, у адрозненне ад папярэдніх, «былі пералічаныя дакументы, якія трэба прынесці». На жаль, даведацца, ці хадзіў чытач на зверку, не ўдалося — ён больш не адказвае.
Чытайце таксама:
У Пецярбургу затрымалі прызыўніка, які збег з Беларусі ад войска
У Мінску мужчыну арыштавалі на 3 месяцы за няяўку ў ваенкамат