Пакістан выганяе афганскіх бежанцаў. 1,7 мільёна чалавек павінны пакінуць краіну за гэты месяц

Рашэнне было прынята пасля таго, як серыя нападаў уздоўж мяжы дзвюх краін, у якіх Ісламабад вінаваціць баевікоў у Афганістане, прывяла да эскалацыі напружанасці.

05.10.2023 / 07:09

Афганскія бежанцы з усіх сіл спрабуюць утрымаць карову падчас забою з нагоды свята Курбан-Байрам у лагеры Казана на ўскраіне Пешавара. 28 чэрвеня 2023 года. Ід аль-Адха, або свята ахвярапрынашэння, самае важнае ісламскае свята, азначае гатоўнасць прарока Ібрахіма, Аўраама для хрысціян і юдэяў, прынесці ў ахвяру свайго сына. Падчас свята, якое ў большасці месцаў доўжыцца чатыры дні, мусульмане забіваюць авечак ці буйную рагатую жывёлу, раздаюць частку мяса бедным. Фота: Muhammad Sajjad / AP

Улады Пакістана загадалі ўсім нелегальным афганскім уцекачам, а гэта прыкладна 1,7 млн чалавек, пакінуць краіну да 1 лістапада, піша Бі-бі-сі.

Рашэнне было прынята пасля таго, як серыя нападаў уздоўж мяжы дзвюх краін, у якіх Ісламабад вінаваціць баевікоў, што базуюцца ў Афганістане, прывяла да эскалацыі напружанасці.

У выніку Ісламабад у аўторак абвясціў пра намер разабрацца з «нелегальнымі» мігрантамі.

Кантраляваны талібамі ўрад Афганістана назваў крок Пакістана непрымальным і заклікаў перагледзець яго.

Улады Афганістана неаднаразова адмаўлялі факт прадастаўлення прытулку баевікам, што нападаюць на Пакістан.

На мінулым тыдні ў выніку выбуху ў мячэці ў горадзе Мастунг, недалёка ад мяжы з Афганістанам, падчас рэлігійнага свята загінулі прынамсі 50 чалавек.

Міністр унутраных спраў Пакістана Сарфраз Бугці, зрэшты, не згадаў у адкрытую пра гэта і яшчэ пра адзін напад у правінцыі Белуджыстан, калі абвяшчаў пра выдварэнне «нелегальных» афганцаў.

Права прэтэндаваць на прытулак у іншай краіне замацавана ў міжнародным праве. Пакістан прыняў сотні тысяч афганскіх уцекачоў за дзесяцігоддзі вайны, асабліва пасля таго, як «Талібан» вярнуўся да ўлады ў Афганістане ў 2021 годзе.

Паводле звестак ААН, каля 1,3 млн афганцаў зарэгістраваныя ў якасці бежанцаў, а яшчэ 880 тыс. атрымалі легальны статус, які дае магчымасць застацца ў краіне.

Але яшчэ 1,7 млн знаходзяцца ў краіне «нелегальна», заявіў Бугці ў аўторак — відавочна, маючы на ўвазе тых, хто яшчэ не атрымаў статус уцекача.

Ён сказаў, што гэтым людзям давядзецца пакінуць краіну да канца месяца — добраахвотна або шляхам прымусовай дэпартацыі.

«Калі яны не паедуць… тады для іх дэпартацыі будуць задзейнічаныя ўсе праваахоўныя органы ў правінцыях або федэральны ўрад», — дадаў кіраўнік пакістанскага МУС.

Падрабязнасцяў пра тое, як будзе праходзіць такая аперацыя, ён не даў.

Бугці таксама абвясціў пра стварэнне спецыяльнай групы, мэтай якой будзе выяўленне і канфіскацыя прыватнага бізнэсу і актываў «нелегальных» афганцаў у краіне.

Чытайце таксама:

У Пакістане арыштавалі шайку, якая выразала ў людзей ныркі без іх ведама. Правялі мінімум 328 аперацый

Больш за 50 чалавек загінулі ў выніку выбуху ў мячэці Пакістана

Экс-прэм'ера Пакістана асудзілі на тры гады. У свой час ён быў капітанам нацыянальнай зборнай па крыкеце

Nashaniva.com