«Песні ад бабы Мані і бабы Валі». Як вакалістка KRIWI захоўвае песні белавежскай вёскі
Вакалістка гуртоў KRIWI і «Джамбібум», этнаспявачка Настасся Хмель захоўвае фальклор маленькай вёскі Залессе, аточанай лясамі і балотамі, і разважае, як не перарваць традыцыю.
04.10.2023 / 14:22
Фота: асабісты архіў Настассі Хмель
Адкрыць «народны голас» можна практычна ў кожнага
Настасся Хмель пераехала ў польскі Кракаў два гады таму. Прычыны — тыя самыя, што ў многіх беларусаў, што мусілі пакінуць Радзіму. Але і ў замежжы яна знайшла сабе занятак, які дазваляе падтрымліваць повязь з Беларуссю — у Кракаве супольна з арганізацыяй Fundacja Autonomia яна ладзіць спеўныя сустрэчы, падчас якіх кожны ахвотны можа навучыцца спяваць народныя песні.
«Нехта да нас ходзіць цэлы год, нехта — раз-пораз, — распавядае спявачка. — Калі вы апынецеся ў Кракаве, і ў вас будзе вольны вечар у аўторак, то можна зайсці да нас, паспяваць, паслухаць, паразмаўляць — гэта такая адкрытая суполка. І не варта баяцца, што ў вас нічога не атрымаецца, калі няма музычнай адукацыі або вы лічыце, што няма здольнасцяў да народных спеваў. Адкрыць «народны голас» можна практычна ў кожнага. Бо народная манера спеваў базуецца на маўленні, а раз чалавек можа размаўляць, то можа і заспяваць. Каб яму дапамагчы, ёсць практыкаванні, адмысловыя прыёмы. Галоўнае — адолець свой страх і раскрыцца».
На занятках наведнікі спяваюць разам з аўдыё— ці відэазапісам, калі гэта, прыкладам, матэрыял з фальклорнай экспедыцыі або архіўны матэрыял. Для гэтага абсалютна не абавязкова валодаць нотнай граматай — бабулькі ў вёсках яе таксама не ведалі, а спявалі добра.
Выступае Кракаўскі гурт этнічных спеваў. Фота: instagram.com/krakow_ethno_by
Дарэчы, з ліку дзяўчат, якія калісьці проста з цікаўнасці прыйшлі на спеўныя сустрэчы, ужо ўтварыўся сапраўдны мастацкі калектыў — гурт «Лялея». Ён ужо мае ўласную канцэртную праграму і бярэ ўдзел практычна ва ўсіх імпрэзах, якія ладзіць у Кракаве беларуская дыяспара.
Вёска Залессе
Перад вымушанай эміграцыяй сям'я Настассі Хмель 7 год жыла ў маленечкай вёсцы Залессе за 300 з лішкам кіламетраў ад сталіцы. Даўншыфтынг аказаўся плённым і для яе творчасці: у вёсцы, з усіх бакоў аточанай лясамі і балотамі, яна пазнаёмілася з дзвюма мясцовымі жыхаркамі, Валянцінай Парфёнаўнай і Марыяй Лук’янаўнай, якія вельмі хутка сталі для спявачкі проста бабай Валяй і бабай Маняй.
«Вёска Залессе — вельмі маленькая, калі мы туды прыехалі ў 2014 годзе, там было літаральна 7 хат. Летам прыязджалі дачнікі, а стала жылі толькі мы і дзве бабулькі, і яны абедзве спявалі! Спявалі і паасобку, і на два галасы. Але для іх стала дзівам, што гэтымі песнямі нехта цікавіцца. Я іх запісвала, вучыла ад іх песні, і яны проста памаладзелі душой!
Бывае, каторая з іх зойдзе да нас у хату, нешта прынясе з гароду і кажа: «Ой, слухай, я тут ішла, і яшчэ вось якую песню прыгадала!» І сталі яны спраўднымі «зоркамі» — іх пачалі запрашаць на ўсё мясцовыя імпрэзы», — згадвае Наста.
Бабулькі ўжо сышлі з жыцця, але іхныя песні працягваюць жыццё — у выкананні Настассі Хмель. «Песні з Белавежскай вёсачкі Залессе» — так называецца праграма, якую спявачка нядаўна прэзентавала ў Вільні.
«Пакуль я спяваю 4 песні ад бабы Мані і 3 песні ад бабы Валі, але ўжо працую і над аранжыроўкамі іншых песень, пачутых ад бабуль, — кажа Настасся Хмель. — Яны часта спявалі разам, але свае ўлюбёныя песні ў іх былі абсалютна розныя.
Вось баба Валя — тая любіла такія фальклорныя «жорсткія рамансы». Яна была больш «урбанізаванай»: у час вайны, падлеткам, яе завезлі на працу ў Нямеччыну. Там было мульцікультурнае асяроддзе, бо зганялі на працу ўсіх — і беларусаў, і палякаў, і рускіх, і ўкраінцаў. Усё гэта паўплывала на яе, таму яна, мусіць, і любіла спяваць народныя песні пазнейшага часу — пра няшчаснае каханне. А Баба Маня — тая ад тутэйшых каранёў, любіла больш класічныя народныя песні», — кажа Настасся Хмель.
Фота: асабісты архіў Настассі Хмель
Спявачцы падабаецца ўсё, пачутае ад бабулек. Але задачу выключна рэтрансляваць іхныя спевы яна не лічыць галоўнай.
Фальклор — гэта жывое, і сёння ён не будзе такім, як 200 год таму
У спрэчках пра тое, ці трэба спяваць народныя песні выключна «як гэта было ў вёсцы», або фальклор можна і варта адаптаваць пад сучасную рэчаіснасць, Настасся Хмель схіляецца да апошняга:
«У старажытнасці спевы былі часткай рытуалаў, якія дапамагалі чалавеку структураваць сваё бачанне свету, з'явы якога ён не да канца разумеў. Ён жыў на вёсцы, дзе плён гаспадаркі шмат у чым залежаў ад прыродных з'яваў, і таму імкнуўся неяк на іх паўплываць — гэтаму прысвечаны ўсе абрады, прыкладам, каляндарнага цыклу. Мы ж — дзеці іншага часу, ды і чыста практычна паўтарыць тое, што было 200 гадоў таму, проста немагчыма. Вось мы ў Кракаве хацелі зладзіць сапраўднае Купалле, і першая праблема, з якой сутыкнуліся, — дзе знайсці месца для вялікага вогнішча…
Так і з народнымі песнямі, на якіх кладзецца адбітак часу. Яны таксама не прыйшлі да нас у першапачатковым выглядзе: нехта спявае і зменіць адно слова на іншае, мелодыю спяе іначай, а другі паўторыць ужо са зменамі. Таму спяваць народныя песні па-свойму — нармальна. Галоўнае — захаваць, не перарваць саму традыцыю».
Фота: асабісты архіў Настассі Хмель
Сапраўднае захапленне спеўным фальклорам, кажа Наста, прыйшло да яе ў студэнцкія гады — падчас навучання ў музычнай вучэльні:
«Я жыла ў Мінску, і маё школьнае дзяцінства прыпала на 1990-я, гэта быў час беларускага Адраджэння, шмат хто цікавіўся беларушчынай. А я вельмі любіла спяваць, хадзіла на розныя гурткі, у тым ліку і па народных спевах. Потым паступіла на аддзяленне народна-харавых спеваў у Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі. На першым курсе, памятаю, калі нам ставілі запісы бабулек, мы сядзелі і хіхікалі — гэта падавалася несучасным і нецікавым.
Але на старэйшых курсах выкладаць прыйшоў Алесь Уладзіміравіч Рашчынскі (беларускі кампазітар, дырыжор, збіральнік фальклору, музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», квартэта «Купалінка», групы-капэлы аўтэнтычнага фальклору «Агмень». — НН). Ён проста апантаны быў народнай песняй і перадаў гэта нам. Так што гэтую сцежку я не абірала свядома, усё атрымалася само сабой, але зараз яна мяне трымае».
Песня як спадарожнік жыцця і гатунак тэрапіі
«Калі я была маладзейшая, мне было ўсё адно, адкуль мае бабулі, дзядулі — ай, як ёсць так і ёсць. З узростам пачынаеш цікавіцца, пачынаеш карані свае шукаць, каб зразумець, куды яны вядуць і адкуль ты ў гэтым свеце. На нашых спеўных сустрэчах мы таксама абмяркоўваем, хто адкуль прыехаў, з якога рэгіёну продкі, спрабуем песні знайсці з тых краёў, каб болей даведацца, хто мы і адкуль наш род»,— распавядае Наста.
Фота: instagram.com/nastia_zalessie
Гурт народна-этнічных спеваў пад яе кіраўніцтвам не толькі вывучае беларускі фальклор, але і ладзіць народныя святы. Там фальклорныя песні гучаць зусім іначай, бо ў старажытнасці яны не прызначаліся для канцэртнага выканання. І перанясенне іх у сітуацыю «мы артысты, вы гледачы» — ненатуральнае, кажа спявачка:
«Вось раней узімку збіраліся ў нейкай хаце жанчыны, дзяўчаты і рабілі працу. Прыкладам ткалі. Гэта цяпер ёсць тэлевізар, уключыў яго — і панеслася. А тады, каб не было сумна, спявалі. Збіралася некалькі пакаленняў, нават у песнях гэта адлюстроўваецца: «тут стары бабы сядзелі, маладухі прытапталі, малы дзеткі прыскакалі». Адны спяваюць, другія толькі вучацца, а пад нагамі малыя поўзаюць, у іхныя галовы гэта ўсё «інсталюецца»…
І песні былі доўгія, бо ў жыцця быў зусім іншы тэмп. Баба Маня і баба Валя прыгадвалі, што раней спявалі ўвесь час: ішлі ў ягады — спявалі, па каровы — спявалі, ехалі на возе — спявалі. Гэта зараз сеў у машыну і пакаціў. А раней што дапамагала, каб не занудзіцца? Песні!»
У канцэртнай залі песня з 20-ці куплетаў ды з прыпевамі-паўторамі будзе падавацца слухачу нуднай. Іншая справа — калі яна інтэгравана ў дзейнасць, ці працоўную, ці абрадавую. Калі людзі збіраюцца разам на Гуканне вясны ці на Купалле, і разам спяваюць, то яны не проста далучаюцца да народнага мастацтва — яны далучаюцца да повязі часоў. І людзі пачынаюць разумець, што фальклор — гэта не мёртвы збор твораў, і што спяваць, як некалі бабулі на вёсцы, гэта крута.
«Я харавік паводле адукацыі, і я вельмі люблю, калі шмат людзей спявае разам, — гаворыць Настасся Хмель. — Галоўнае, каб душа прасіла гэтага сугучча. Песня злучае людзей, і зараз, калі шмат беларусаў у выгнанні, дзякуючы народным песням, у нас ёсць свая маленькая Беларусь. Таму я гэтым займаюся. Гэта як гатунак тэрапіі. Гэта тое, што нас трымае».