«Нервы службовых асоб не гумовыя». Частка праўладных блогераў не ўхваляе пастаянныя даносы

Некаторыя лукашысцкія блогеры лічаць спамам атакі асобных скаржнікаў з нагоды выдуманых ЛГБТ-змоваў і дылетанцкіх трактовак гісторыі.

03.10.2023 / 21:23

Святлана Жыгімонт і Вольга Бондарава. Фота: тэлеграм-канал Вольгі Бондаравай

Ананімны праўладны тэлеграм-канал «Графач» з нагоды сустрэчы Лукашэнкі з «сенатарамі» і абмеркавання падчас яе тэмы працы з насельніцтвам звярнуў увагу, што «ўлада працуе з людзьмі, вырашаючы рэальныя актуальныя праблемы», якія маюць у сваёй большасці «бытавы, а не палітызаваны характар».

«Графач» адзначыў, што лічыць «вельмі шкоднымі спробы арганізацыі штучных псеўдамасавых скаргаў і спаму ў адрас чыноўнікаў з нагоды выдуманых ЛГБТ— змоў, дылетанцкіх трактовак гісторыі, асабістай непрыязнасці да блогераў, брэндаў і г.д.»

Бо такі «спам скаржнікаў», на думку праўладнага канала, перашкаджае простым людзям вырашаць свае праблемы падчас прыёмаў у чыноўнікаў, тэлефонных ліній з імі. Да таго ж і нервы ў службовых асоб «не гумовыя».

Такая з'ява, лічыць «Графач», можа з непалітызаванай стаць палітызаванай. «А гэта заўсёды небяспечна».

Яго допісам падзяліўся прапагандыст АНТ Ігар Тур.

Меркаванне падтрымала і Святлана Вараніца з гродзенскай «Белай Русі», якая нядаўна адзначылася крытыкай у адрас прапагандыста Рыгора Азаронка. Вараніца сцвярджае, што ў Беларусі зʼявілася свая культура ў сістэме зваротаў. «І ўсё б добра, але там, дзе культура, стала зʼяўляцца і бескультурʼе. І тут што спам ЦВК і Генпракуратуры ў 2020-м, што заклікі да спаму ў 2023-м, на мой погляд, з таго сегмента, што мне бачны, — сутнасць адна: дробны шантаж і спроба ціску. Нібыта за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Няўжо?!»

Чытайце яшчэ:

«Не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай». Ідэолаг з «Белай Русі» выступіла з нечаканым прызнаннем

«Ці варта пэцкацца, папулярызуючы гэтую грамадзянку?» Частка прапагандыстаў пайшла вайной на Бондараву

Мастачцы Жыгімонт прымроіліся «сатанізм» і «хахляцкі трызуб» у зусім нечаканым месцы

Хто такія вамбаты? Як лукашыстаў падзяліла на два лагеры адно пытанне

Антось Жупран