На тэрыторыі мемарыяла ахвярам рэпрэсій у Расіі паставілі бюсты Сталіна, Дзяржынскага і Леніна
У «Медным» пахаваныя польскія і, відаць, беларускія ваеннапалонныя, расстраляныя ў 1940 годзе рэгіянальным Упраўленнем НКВД, а таксама савецкія грамадзяне — ахвяры сталінскага тэрору.
02.10.2023 / 09:38
На тэрыторыі мемарыяла ахвярам рэпрэсій у Расіі паставілі бюсты Сталіна, Дзяржынскага і Леніна. Фота: Даніла Корпусаў / Facebook
У Цвярской вобласці на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Меднае», які прысвечаны ахвярам палітычных рэпрэсій, усталявалі бюсты Іосіфа Сталіна, Уладзіміра Леніна, Міхаіла Калініна і Фелікса Дзяржынскага, піша Расійская служба Радыё Свабоды.
У «Медным» пахаваныя польскія і, відаць, беларускія ваеннапалонныя, расстраляныя ў 1940 годзе рэгіянальным Упраўленнем НКВД, а таксама савецкія грамадзяне — ахвяры сталінскага тэрору. Раней там быў усталяваны памятны знак «Суайчыннікам, ахвярам войнаў і рэпрэсій».
Паводле інфармацыі СМІ, у найбліжэйшыя дні на тэрыторыі мемарыяла плануюць адкрыць нейкую выставу, у сувязі з чым і былі ўсталяваныя скульптуры савецкіх кіраўнікоў. Дырэктар «Меднага» Аляксандр Чуносаў назваў гэта «лагічным і зразумелым».
Фота з фэйсбука Данілы Корпусава
«Гэта ж эпоха. Яны што, не мелі дачынення да рэпрэсій? У чым тут вы бачыце нестыкоўку?», — сказаў Чуносаў.
Паводле звестак праваабарончага таварыства «Мемарыял», устаноўка скульптур — прамое ўказанне Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі і дырэктара комплексу «Меднае».
У гады кіраваньня Іосіфа Сталіна ахвярамі масавых рэпрэсій у СССР сталі мільёны людзей. Пасля яго смерці многія рэпрэсаваныя былі рэабілітаваныя, а звязаныя са Сталіным аб'екты, у тым ліку гарады, — перайменаваныя. Знеслі таксама помнікі савецкаму правадыру.
Аднак у апошнія гады ў шэрагу гарадоў Расіі былі зноў пастаўлены помнікі Сталіну. Як правіла, іх ставяць на прыватнай тэрыторыі, напрыклад у дварах абкамаў КПРФ.
Ёсць, аднак, і скульптуры ў публічных месцах, як у Валгаградзе. У жніўні васьміметровы помнік Сталіну адкрылі ў горадзе Вялікія Лукі.
Чытайце таксама:
У расійскіх Вялікіх Луках святар асвяціў адкрыццё помніка Сталіну. І гэта не жарт