Замежнік выкупіў недабудаваны корпус браслаўскай райбальніцы. Там будзе прыватны VIP дом састарэлых

Гэты аб'ект знаходзіцца ўсяго за 150 метраў ад маляўнічага возера Дрывяты.

02.10.2023 / 08:18

За 530 000 рублёў іншаземец купіў недабудаваны трохпавярховы корпус Браслаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, цяпер там будзе элітны пансіянат для састарэлых, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».

Гэты аб'ект, які знаходзіцца ўсяго за 150 метраў ад маляўнічага возера Дрывяты, стаў самым дарагім лотам, прададзеным камітэтам «Віцебскаблмаёмасць» сёлета.

На базе трохпавярховага будынка, у якім павінен быў размяшчацца лячэбны корпус райбальніцы, камерсант плануе адкрыць пансіянат павышанай камфортнасці для пажылых людзей. Замежнік ужо мае досвед рэалізацыі такіх праектаў.

У 2022 годзе ў Браславе таксама прадалі былы туберкулёзны санаторый за 630 000 рублёў.

Nashaniva.com