Чацвярых беларускіх плыўцоў дапусцілі да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе

Плыўцы Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка і Анастасія Куляшова атрымалі нейтральны статус для выступлення на міжнародных турнірах пад эгідай World Aquatics.

01.10.2023 / 20:34

Плыўчыха Анастасія Шкурдай. Фота: НАК

Таксама на міжнародныя турніры дапушчаны галоўны трэнер зборнай Беларусі Андрэй Ліпніцкі, паведамляе «Прэсбол». 

Яшчэ ў пачатку верасня Міжнародная федэрацыя водных відаў (World Aquatics) зацвердзіла крытэрыі для ўдзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе, але толькі ў асабістых спаборніцтвах і максімум па адным плыўцы на кожную дыстанцыю.

«Індывідуальным нейтральным спартсменам будзе дазволена ўдзельнічаць толькі ў спаборніцтвах, дзе час або вынік вызначаюцца выступленнямі аднаго спартсмена. Максімум аднаму нейтральнаму спартсмену з Расіі і аднаму з Беларусі на адну дыстанцыю будзе дазволена ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах па водных відах спорту», — сказана ў прэс-рэлізе Федэрацыі.

На турнірах пад эгідай World Aquatics устаноўлена забарона на выкарыстанне расійскіх і беларускіх сцягоў, выкананне гімнаў гэтых краін. Спартсменам таксама забаранілі прыходзіць са сцягам сваёй краіны на спартыўнай форме на пратакольныя мерапрыемствы. Нейтральным спартсменам забаронена праходзіць праз змешаную зону, дзе журналісты задаюць пытанні, і ўдзельнічаць у прэс-канферэнцыях.

Як паведамляе «Матч ТБ», у расійскай камандзе нейтральны допуск пакуль атрымаў толькі адзін плывец — сярэбраны прызёр Алімпіяды-2020 Іван Гіраў.

Чытайце таксама:

«Ты нібы паміраеш і нараджаешся нанова». Плывец Яўген Цуркін расказаў пра бізнэс на бітых аўто і развод з Аляксандрай Герасіменяй

World Aquatics зацвердзіла крытэрыі ўдзелу беларускіх і расійскіх плыўцоў у міжнародных турнірах

Паралімпійцу з ампутаванымі рукамі на чэмпіянаце свету ўручылі наручны гадзіннік

«Цвёрда трымаўся наш коўч на дапросе». Беларускі трэнер наадрэз адмовіўся адказваць на пытанні пасля матча

Nashaniva.com