У Славакіі найбольш галасоў набралі папулісты экс-прэм'ера Фіца

На выбарах у Славакіі, паводле папярэдніх вынікаў пасля падліку амаль усіх галасоў, перамогу атрымала папулісцкая партыя экс-прэмʼера Роберта Фіца.

01.10.2023 / 12:24

Роберт Фіца прыбывае ў штаб-кватэру сваёй партыі, 30 верасня 2023 г. Фота: Darko Bandic / AP Photo

Па выніках апрацоўкі больш як 99% пратаколаў, больш за ўсё галасоў атрымала Smer-SD («Кірунак — сацыял-дэмакратыя») былога прэмʼера Роберта Фіца — 23%.

На другім месцы апынулася ліберальная «Прагрэсіўная Славакія» Міхала Шымечкі з 18%. 

На трэцім месцы — сацыял-дэмакратычная партыя «Голас» экс-прэмʼера Петэра Пелегрыні з 15%.

Акрамя таго, у парламент праходзяць кансерватары, хрысціянскія дэмакраты, нацыяналісты і яшчэ адна ліберальная партыя. Палітычны ландшафт у Славаччыне даволі моцна фрагментаваны.

Прарасійскія неафашысты з «Народнай партыі «Наша Славаччына» Марціна Катлебы, якія раней былі рэпрэзентаваныя ў парламенце, на гэты раз не набралі нават 1% галасоў.

Роберт Фіца падчас перадвыбарчай кампаніі казаў, што ў выпадку ягонай перамогі Славакія больш не пашле Украіне «ніводнага патрона». Фіца таксама выступаў супраць уступлення Украіны ў НАТА. Аднак падчас свайго ранейшага кіравання Фіца заставаўся ў рэчышчы агульнаеўрапейскай палітыкі.

5 гадоў таму Роберт Фіца быў вымушаны сысці ў адстаўку з паста прэм'ера пасля забойства журналіста Яна Куцыяка і ягонай нявесты. Журналіст займаўся расследаваннямі карупцыі і магчымымі сувязямі славацкіх палітыкаў якраз з кіруючай партыі з італьянскай мафіяй.

Тады па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі памяці, якія пазней перараслі ў масавыя пратэсты з патрабаваннем адстаўкі кабінета міністраў.

Новы ўрад могуць сфарміраваць партыя Фіца, сацыял-дэмакраты Пелегрыні і нацыяналісты. Калі гэта ім не ўдасца, то можа ўзнікнуць кааліцыя лібералаў, сацыял-дэмакратаў і кансерватараў.

Nashaniva.com