Вярхоўны суд ліквідаваў апошнюю апазіцыйную партыю

За лета і верасень былі ліквідаваныя 11 партый, адна партыя знаходзіцца ў стане ліквідацыі.

30.09.2023 / 09:51

Вярхоўны суд ліквідаваў учора партыю «Справядлівы свет», паведамляе «Позірк».

На думку сябраў ліквідаванай арганізацыі, з гэтага моманту ў Беларусі «больш няма партый» з «адрозным ад дзейнай улады поглядам на стан рэчаў у краіне».

Найбліжэйшым часам сябры «Справядлівага свету» зоймуцца «стварэннем новай палітычнай партыі», якая будзе выступаць за «дэмакратычны і сацыялістычны шлях развіцця дзяржавы і грамадства».

2 чэрвеня партыя падала дакументы на перарэгістрацыю без спісу сябраў — з меркаванняў бяспекі. 30 чэрвеня Мінюст ёй у гэтым адмовіў. 26 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць «Справядлівы свет».

На пачатку 2023 года ў Беларусі былі 15 партый.

Сёлета ўлетку і ўвосень былі ліквідаваныя яшчэ дзесяць палітычных структураў (пад раздачу трапілі і праўладныя партыі): Партыя БНФ, Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская патрыятычная партыя, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя.

У працэсе самаліквідацыі знаходзіцца Беларуская аграрная партыя.

Такім чынам, у Беларусі дзейнічаюць чатыры партыі.

Былі перарэгістраваныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Была зарэгістраваная партыя «Белая Русь».

Nashaniva.com