Больш за 50 чалавек загінулі ў выніку выбуху ў мячэці Пакістана

Выбух прагрымеў каля мячэці ў паўднёва-заходняй правінцыі Белуджыстан у пятніцу, калі людзі сабраліся, каб адсвяткаваць нараджэнне прарока Мухамеда. Загінула больш за 50 чалавек, больш за 50 атрымалі раненні, піша Бі-бі-сі.

29.09.2023 / 13:21

Фота: Arshad Butt / AP

Афіцыйныя асобы ў Белуджыстане абвясцілі надзвычайнае становішча. Ніводная групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за гэты напад.

Кадры з месца здарэння ў горадзе Мастунг паказваюць, што параненых ратуюць супрацоўнікі службы экстраннай дапамогі і мясцовыя жыхары.

Начальнік паліцыі Белуджыстана Абдул Халік Шэйх пацвердзіў, што выбух быў здзейснены тэрарыстам-смяротнікам. Ён сказаў, што старшы афіцэр паліцыі быў забіты пры спробе спыніць зламысніка.

Тым часам яшчэ адзін выбух прагрымеў у мячэці недалёка ад горада Пешавар у правінцыі Хайбер-Пахтунхва. Колькасць ахвяр у мячэці ў Хангу пакуль невядомая, але паліцыя паведамляе, што некалькі чалавек маглі аказацца пад заваламі пасля абвальвання даху.

Мячэць у Хангу ёсць часткай паліцэйскага комплексу і змяшчае ад 40 да 50 чалавек.

Белуджыстан, які мяжуе з Афганістанам і Іранам, — гэта найбуйнейшая правінцыя Пакістана, якая часта падвяргаецца нападам узброеных баевікоў, уключаючы «Тэхрык-і Талібан Пакістан» (ТТП), або пакістанскі «Талібан», а таксама групоўкі «Ісламская дзяржава».

Аднак TTП абвергла дачыненне да выбуху, заявіўшы, што такая атака супярэчыць яе палітыцы.

Nashaniva.com