Рэканструкцыя М-1 пакуль не плануецца, на дарогі безвынікова шукаюць грошы — Мінтранс
Рэканструкцыя трасы М-1 пакуль не плануецца, работы на М-З вядуцца за кошт бюджэтных сродкаў. Беларусь вядзе перагаворы з Расіяй і Кітаем для прыцягнення сродкаў на рэканструкцыю дарог, але пакуль безвынікова. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення развіцця аўтамабільных дарог галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Лявончык у прэс-цэнтры БелТА.
28.09.2023 / 14:53
Лявончык распавёў, што ў краіне была распрацавана канцэпцыя рэканструкцыі М-1 з давядзеннем яе параметраў да аўтамагістралі.
«Гэты праект запатрабуе даволі сурʼёзных фінансавых расходаў. Пакуль было прынята рашэнне, што мы будзем праводзіць не рэканструкцыю, а рамонт участкаў, які неабходны для падтрымання дарогі ў нармальным стане. Там сурʼёзныя сумы, таму пакуль складана казаць пра рэканструкцыю ўсёй дарогі», — паведаміў Сяргей Лявончык.
На яго думку, да гэтага пытання можна будзе вярнуцца, калі ў краіне прывядуць у «вельмі добры стан» усю мясцовую сетку і рэспубліканскія дарогі.
«Калі мы гэта зробім, нам будзе пад сілу перайсці на такія маштабныя праекты», — рэзюмаваў ён.
Таксама Сяргей Лявончык распавёў аб праблемах з дарогай М-3 Мінск — Віцебск. Выканаць яе рэканструкцыю планавалася за кошт сродкаў ЕБРР, але заходняе фінансаванне праз санкцыі было спынена.
«Прынята рашэнне аб тым, каб рэканструкцыя аўтадарогі М-3 ажыццяўлялася за кошт бюджэтных сродкаў, а менавіта за кошт дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Сёння мы вядзём рэканструкцыю ўчастка ад Лагойска да Плешчаніц. Увесці гэты ўчастак пасля рэканструкцыі плануем да канца 2024 года. Далей па меры выдзялення бюджэтных сродкаў будзем прадаўжаць рэканструкцыю гэтай дарогі», — сказаў прадстаўнік Мінтранса.
Таксама, паводле яго, цяпер вядзецца рэканструкцыя аўтадарогі Р-46 ад Лепеля да Полацка. Увод абʼекта прызначаны на 2026 год.
«Для нас М-З і Р-46 — гэта важныя міжнародныя калідоры. Напрамак руху ў бок расійскіх партоў у Санкт-Пецярбургу сёння асноўны, таму першарадная ўвага ўдзяляецца гэтаму калідору», — дадаў Лявончык.
Акрамя таго, ідзе рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі Р-53 на ўчастку ад Смалявіч да Жодзіна. Увод абʼекта запланаваны на 2024 год.
Лявончык распавёў, што Беларусь вядзе перагаворы з Расіяй і Кітаем для прыцягнення сродкаў на рэканструкцыю дарог, але «вынікі дастаткова складаныя».
«Сёння працуем ва ўмовах санкцый, і трэба вельмі дакладна вызначыць усю рызыку, якая існуе для ўсіх бакоў гэтага працэсу. Міністэрства эканомікі вядзе сурʼёзную работу па прыцягненні сродкаў менавіта ў дарожную гаспадарку. Мінтранс падрыхтаваў заяўкі і накіраваў адпаведныя інвестпрапановы. Яны цяпер разглядаюцца», — сказаў Лявончык.
Таксама, паводле яго, абмяркоўваецца ўдзел ЕАБР у праектах па рэканструкцыі беларускіх дарог. «Прапануем максімум тых праектаў, па якіх у нас ужо ёсць праектная дакументацыя і праведзена экспертыза. Нашы партнёры ўсё гэта разглядаюць. Рашэнні будуць прымацца з улікам эканамічнай мэтазгоднасці, бо любыя крэдытныя сродкі маюць сваю цану, свой працэнт. Перамовы вядуцца на працягу гэтага года, але пакуль канкрэтных дамоўленасцяў няма», — адзначыў прадстаўнік Мінтранса.
Раней буйныя праекты па рэканструкцыі дарог фінансаваліся за кошт крэдытаў Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Аднак пасля 2020 года міжнародныя фінансавыя інстытуты спынілі фінансаванне праектаў у Беларусі.
У красавіку Лукашэнка распавёў, што «профільнаму віцэ-прэмʼеру
пастаўлена задача цягам гэтага года ўсе дарогі адрамантаваць, чаго б нам гэта ні каштавала».