Баранавіцкага пенсіянера асудзілі за лайк пад публікацыяй пра Лукашэнку
Суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў вынес прысуд Івану Норку, абвінаваціўшы яго ў паклёпе на Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса. Судовы працэс адбыўся яшчэ 22 жніўня і праходзіў у выязным пасяджэнні ў будынку аднаго з мясцовых ЖЭСаў. Суддзя — Мікалай Кміта.
28.09.2023 / 10:44
Іван Норка. Фота: сацыяльныя сеткі
65-гадовага Івана Норку затрымалі і змясцілі пад варту 10 ліпеня, праз трое сутак перавялі пад хатні арышт, паведамляе «Берасцейская вясна».
Па матэрыялах абвінавачання, Норка ў «Аднакласніках» адзначыў падабайкай некую публікацыю. Аднак экспертыза выявіла ў ёй нібыта непраўдзівыя звесткі аб тым, што Аляксандр Лукашэнка датычны да злачынстваў трох відаў («акт тэрарызму», «забойства», «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).
Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў пенсіянеру з інваліднасцю паўтара года «хатняй хіміі».