«Масава да нас звяртаюцца людзі». У Гродне б'юць трывогу ў сувязі з наплывам рэптылій

Некалькі гадоў таму маленькіх чырванавухіх чарапашак прадавалі па ўсёй краіне, але цяпер іх продаж у Беларусі забаранілі. І Гродзенскі заапарк звяртаецца да людзей з просьбай не заводзіць гэтых паўзуноў. Бо надта часта яны ў выніку робяцца бяздомнымі, паведамляе тэлеканал «Гродна +»

27.09.2023 / 19:11

Усё таму, што многія патэнцыйныя гаспадары не цікавяцца інфармацыяй пра гадаванцаў перад тым, як іх набываць, і ў выніку, самі таго не ведаючы, купляюць драпежніка, які імкліва змяняецца ў памерах.

Чырванавухія чарапахі для Гродзенскага заапарка робяцца сапраўдным болем. Сёння рэптылій у ім ужо больш за 25, і ахвотных пазбавіцца ад гадаванцаў робіцца ўсё больш.

Часам чарапах выпускаюць у прыроду, але часцей — прыносяць ва ўстанову для ўтрымання жывёл. Даходзіць да таго, што іх проста падкідаюць да брамы заапарка. У выніку экзатычныя паўзуны трапляюць пад колы машын, а ў найлепшым выпадку — на аперацыйны стол да ветэрынара.

З мінулага года ў Беларусі продаж і ўтрыманне чырванавухіх чарапах забаронены законам. Гэтыя гадаванцы дапоўнілі чорны спіс праз патэнцыйную небяспеку для ўладальніка і складанасці ў забеспячэнні ўмоў утрымання.

«Масава да нас звяртаюцца людзі, бо жывёлы перастаюць есці, у іх пачынаюцца атыты.

І калі пачынаеш ім распавядаць, што гэтыя чарапахі растуць даволі вялікімі, што яны з'яўляюцца драпежнікамі, што корм, які ім прапанавалі — гэта наогул не аснова рацыёну, і што патрэбны вялікі акварыум, і фільтры, і грэлкі спецыяльныя, і абсталяваць трэба так, каб да правадоў не было доступу, вядома, гэта ў людзей выклікае вялікі шок»,— распавяла Алена Камарэц, ветэрынарная доктарка Гродзенскага заапарка.

Акрамя таго, лячэнне экзатычных чарапах — працяглы працэс. Ветэрынары праз раз сутыкаюцца з тым, што гадамі яны ўтрымліваюцца ў няправільных умовах. Гэта прыводзіць да таго, што сімптомы выяўляюцца позна і дапамагчы жывёлам ужо нельга.

Апроч усяго іншага, вялікай праблемай чырванавухія чарапахі неўзабаве могуць стаць і для ўсёй беларускай прыроды. Бо яны — канкурэнты для беларускай балотнай чарапахі.

«Чырванавухая чарапаха — інвазіўны від, то-бок чужародны, яе натуральная тэрыторыя для жыцця ў прыродзе — поўдзень ЗША і Мексіка. А паколькі ў нас зімы ўжо сталі даволі цёплымі, чырванавухая чарапаха ўжо сустракаецца і ў нашых беларускіх вадаёмах, і наогул у многіх краінах Еўропы і Азіі, нават у Аўстралію завезеная, — расказала Таццяна Саўчук, лектар Гродзенскага заапарка. —

А паколькі гэта інвазіўны від, то яна можа парушыць прыродную экасістэму, а па-другое, можа быць пагрозай для існых відаў. Калі чырванавухая будзе так распаўсюджвацца ў вадаёмах Беларусі, ёсць пагроза што яна можа пасля выцесніць нашу балотную чарапаху». 

Чытайце таксама:

Як сёння шкодзяць беларускай прыродзе старадаўнія штучныя каналы?

«Таксіст агаломшыў пытаннем: «Вам чарапаха не патрэбная?» Каб уратаваць рэдкую рэптылію, хлопец з Бабруйска дайшоў да Акадэміі навук

На Свіслачы ў Мінску знайшлі незвычайную чарапаху. Але цешыцца з гэтага не выпадае

У Гродне ў рацэ вылавілі рэдкую чырванавухую чарапаху. Яна жыве толькі ў ЗША і Мексіцы

Жыве 30 гадоў і сыходзіць у зімовую спячку. Дзе ў Беларусі можна сустрэць рэдкую балотную чарапаху?

Nashaniva.com