Вагнераўцы з Беларусі вярнуліся ваяваць ва Украіну

Былыя найміты ПВК «Вагнер», якія былі ў Беларусі, падпісалі кантракт з Мінабароны Расіі і перамясціліся на ўсходні кірунак фронту ва Украіне. Частка баевікоў адправілася ў Афрыку.

27.09.2023 / 14:20

Вагнераўцы ў Растове-на-Доне падчас мяцяжу Яўгена Прыгожына 24 чэрвеня. Праз два месяцы, 23 жніўня, Яўген Прыгожын загіне ў авіякатастрофе над Цвярской вобласцю. Фота: Arkady Budnitsky / Anadolu Agency via Getty Images

«Былыя вайскоўцы прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» цяпер сапраўды прысутнічаюць на тэрыторыі ўсходняй групоўкі войскаў. Яны ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях. У прыватнасці, яны паступаюць з тэрыторыі Беларусі, дзе былі іх лагеры», — расказаў «Украінскай праўдзе» прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў УСУ Ілля Еўлаш.

Па яго словах, зараз іх расфарміроўваюць.

«Гэтыя вайскоўцы паступаюць у розныя падраздзяленні: частка з іх адпраўляецца ў Афрыку, некаторыя перападпісваюць кантракты з Мінабароны Расіі і ўдзельнічаюць (у вайне) на розных пасадах, у прыватнасці, на інструктарскіх. Некаторыя ідуць у звычайныя баявыя падраздзяленні. Яны не нясуць такой пагрозы, як гэта было, напрыклад, яшчэ год таму праз гібель іх галоўнага завадатара Яўгена Прыгожына», — сказаў украінскі вайсковец.

Ён дадаў, што, такім чынам, расійскія найміты наўрад ці змогуць несці такую пагрозу як раней.

У памежнай службе раней казалі, што на тэрыторыі Беларусі знаходзілася больш за 6 тысяч вагнераўцаў. Цяпер, са слоў прэс-сакратара ДПСУ Украіны Андрэя Дземчанкі, у Беларусі засталося каля 500 баевікоў.

Таксама вядома, што частка вагнераўцаў вярнулася ў раён Бахмута.

Чытайце таксама:

Вагнераўцы заявілі, што працягваюць працу на беларускім кірунку

«Байпол» ацэньвае колькасць вагнераўцаў у Цэлі ў не больш як 200 чалавек

Паведамілі пра поўны дэмантаж лагера вагнераўцаў пад Асіповічамі. «Беларускі Гаюн» пярэчыць

Nashaniva.com