Прапала сувязь з адным з «рэйкавых партызан». Сваякі зняволенага асцерагаюцца найгоршага
Ужо больш за два месяцы Дзмітрый Дзікун, брат палітвязня Дзяніса Дзікуна, не можа атрымаць інфармацыю пра стан сваяка.
26.09.2023 / 16:48
Фота: сацсеткі
Да арышту Дзяніс Дзікун развіваў прыватны бізнэс — невялікую краму ў Светлагорску, а ў вольны час захапляўся футболам. Калі пачалася вайна, хлопец не змог застацца ўбаку: сумесна са сваякамі ён вырашыў перашкодзіць расійскай агрэсіі.
Жыццё Дзяніса змянілася 4 сакавіка 2022: яго затрымалі за падпал рэлейнай шафы на чыгуначным перагоне Жэрдзь — Астанкавічы.
Станцыя Жэрдзь, дзе «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дыверсію. Фота: railwayz.info
Як адзначаў СК, у выніку дзеянняў «рэйкавага партызана» святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым напрамку былі прыведзены ў непрацоўны стан, што ўскладніла перакідку расійскай ваеннай тэхнікі ў Жытомірскую вобласць Украіны. Хлопца асудзілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса да 23 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Неўзабаве палітвязня этапавалі ў горацкую папраўчую калонію № 9, дзе яго адразу змясцілі ў штрафны ізалятар. Пасля заканчэння тэрміну Дзяніса перавялі ў атрад, але потым зноў адправілі ў ШІЗА. 21 чэрвеня 2023 года хлопец апынуўся ў памяшканні камернага тыпу — ПКТ.
Праз месяц сувязь з Дзянісам перарвалася. Незадоўга да гэтага ён скардзіўся брату на дрэннае самаадчуванне. «У мінулым у Дзяніса было некалькі аперацый на лёгкіх — з-за ўзніклага пнеўматоракса. Я баюся, што гэта магло паўтарыцца і ў калоніі» — кажа Зміцер.
Цяпер сваяк спрабуе дабіцца звестак аб лёсе брата — пакуль безвынікова.
Чытайце таксама:
Хто яны — трое рэйкавых партызан, якім пагражаў расстрэлам СК