«Адзіны спосаб зрабіць кар'еру — гэта даносіць на іншых». Былы супрацоўнік ФСА расказаў пра сваю працу ў палацы Пуціна

Віталь Брыжаты працаваў на пуцінскай дачы ў Крыме, але звольніўся з Федэральнай службы аховы пасля пачатку вайны, а ў гэтым годзе з'ехаў з краіны. Ён распавёў выданню Business Insider пра таксічную атмасферу і страх рэпрэсій на сваёй былой працы.

26.09.2023 / 14:37

Былы ахоўнік Пуціна з ФСА Віталь Брыжаты і спадарожнікавая выява гіганцкага палацавага комплексу Уладзіміра Пуціна ў акупаваным Крыме. Фота: Віталь Брыжаты / Google Earth / Business Insider

Пра дачу Уладзіміра Пуціна ў пасёлку Аліве, які знаходзіцца каля Ялты ў акупаваным Крыме, стала вядома некалькі гадоў таму. 

Віталь Брыжаты далучыўся да ФСА ў 2021 годзе і затым трапіў у той палац на працу. Мужчына меўся дапамагаць у арганізацыі прыездаў Пуціна ў палац альбо ў іншыя месцы ў Крыме.

«Калі Пуцін, напрыклад, збіраўся прыехаць у школу, наша служба мелася прыехаць за 9 гадзін да візіту і старанна праверыць усю тэрыторыю», — кажа Віталь.

«Паездкі «Нумара адзін» у Крым дэманстравалі, як мала той давярае сваёй уласнай службе бяспекі. Большасць афіцэраў не ведала, як будзе дабірацца прэзідэнт і які маршрут абярэ. Гэта магла быць баявая гатоўнасць ва ўсіх аэрапортах, мноства ахоўнікаў і картэж, які ездзіць паміж аэрапортамі і робіць выгляд, што Пуцін знаходзіцца ў адной з машын. А магла быць зусім іншая сітуацыя: нечаканае паведамленне ў паліцыю, што Пуцін зараз недзе ў Крыме, і ніхто не ведае, як так атрымалася», — апісвае ён падчас інтэрв'ю з Business Insider.

Дачу ў Аліве Віталь апісвае як фантастычнае месца: за плотам у 6 метраў знаходзяцца басейны, саўны, зімовы сад, чайныя домікі і пляжы. Акрамя гэтага там прысутнічаюць яшчэ хакейны каток, прыватныя порт і верталётная пляцоўка.

Узброеныя салдаты і вадалазы правяраюць кожны куток тэрыторыі.

Адным з важных правілаў было тое, што ўсе супрацоўнікі комплексу павінны быць афіцэрамі ФСА, адзначае Брыжаты.

«Усе, хто там працуе, — чалавек, які падстрыгае траву або сцірае бялізну, — працуюць на ФСА», — кажа экс-ахоўнік. Паводле яго слоў, уся дача Пуціна была падобна да маленькага горада.

Багацце дачы ў Крыме ў параўнанні са звычайным расійскім жыццём выклікала агіду ў Віталя.

Ён не мог зразумець, «чаму расіяне не могуць жыць добра, і толькі ўрад можа жыць так шыкоўна».

Мужчына зарабляў каля 700 даляраў на месяц, аднак праца ў напружанай атмасферы і таксічным асяроддзі заўжды трымала ў напрузе. Людзі навокал, як ён кажа, бралі прыклад з Пуціна, спрабавалі паўсюль знайсці недахопы, таму трэба было сачыць за ўсім, што ты кажаш, бо «ўсё можа выкарыстоўвацца супраць цябе».

«Рэч у тым, што гэта той від службы, дзе ўвогуле нічога не адбываецца. І адзіны спосаб зрабіць кар'еру і прасунуць сябе — гэта даносіць на іншых», — згадвае Віталь.

Сапраўдныя праблемы ў экс-ахоўніка з'явіліся адразу пасля пачатку вайны ва Украіне.

Мужчына ў першы ж дзень расійскага ўварвання падаў у адстаўку, аднак заявы не прынялі, парвалі і выкінулі ў сметніцу, а яму самому пагражалі арыштам да 8 гадоў. З таго моманту Віталь знаходзіўся пад моцным ціскам, і нават псіхолаг, да якога ён звяртаўся, адразу ж дакладваў усё кіраўніцтву ФСА, піша Business Insider.

Аднак неўзабаве ў Віталя з’явілася магчымасць уцячы з краіны, бо жонка атрымала працу ў Эквадоры.

«Цяпер, знаходзячыся ў выгнанні, я параўноўваю той плот вакол палацу ў Аліве з тым, наколькі моцны разрыў паміж Пуцінам і расійскім народам. Ён працуе на людзей, і ён павінен працаваць у інтарэсах людзей. Ён не павінен абараняць сябе ад уласнага народа», — падагульняе Віталь.

Чытайце таксама:

Фінская тэлекампанія апублікавала рэдкія відэа Пуціна з пачатку 1990-х

Падчас вайны Пуцін заклапочаны новай яхтай. У гэтым яму насустрач ідуць еўрапейцы ФОТЫ

У Пуціна знайшлі яхту за 700 мільёнаў даляраў ВІДЭА

Для Пентагона стварылі новы псіхалагічны партрэт Пуціна. Расказваем, што ў ім

Nashaniva.com