У Якуцку знішчылі помнік ссыльным і ахвярам рэпрэсій. На ім былі імёны славутых беларусаў

У расійскім Якуцку дэмантавалі помнік ссыльным XVII—XX стагоддзяў і ахвярам рэпрэсій XX стагоддзя. Усе гранітныя пліты, якія складалі мемарыял, вывезлі ў невядомым кірунку, паведамляе мясцовае выданне SakhaDay.

25.09.2023 / 20:11

Мемарыял, які быў створаны ў 2001 годзе, складаўся з пяці каменных глыб, якія стаялі паўколам. На кожным камені — шыльды з імёнамі навукоўцаў і даследчыкаў, якія былі сасланыя ў Якуцію і пасля зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне мовы і культуры якуцкага народа — Вацлава Серашэўскага, Эдварда Пякарскага, Яна Чэрскага і Аляксандра Чаканоўскага. Надпісы выкананыя на трох мовах: рускай, якуцкай і польскай.

Помнік ссыльным у Якуцку. Фота: Wikimedia Commons

Увесну 2023 года манумент абнеслі плотам, а ў чэрвені з яго прыбралі шыльды з імёнамі даследчыкаў. 

Але падрабязнасцяў пра гэта не ведаюць ні ў Дэпартаменце аховы аб'ектаў культурнай спадчыны, ні ў службе эксплуатацыі гарадской гаспадаркі, ні ва ўправе Цэнтральнай акругі горада Якуцка. Мэрыя абяцала высветліць, што здарылася з помнікам, але нічога зроблена не было. Сітуацыя вельмі нагадвае тую, што здарылася з памятным знакам у гонар паўстання 1863 года, які знік з вакзала ў Гродне, але мясцовыя ўлады робяць выгляд, што не ведаюць нават пра тое, што ён калісьці існаваў. 

Помнік з дэмантаванымі шыльдамі. Фота: SakhaDay

Лёсам якуцкага помніка занепакоіўся толькі кіраўнік мясцовага аддзялення Усерасійскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Руслан Васільеў.

«Гэта адбываецца на фоне таго, што Раскамнагляд забараніў самы касавы якуцкі фільм «Айта» з фармулёўкай «дэманстрацыя няроўнасці асоб па нацыянальнай прыкмеце». А ў нашым выпадку па якой прыкмеце знеслі помнік? Спадзяюся, што не па нацыянальнай», — напісаў Васільеў.

Так цяпер выглядае месца помніка, які ўшаноўваў і выбітных беларусаў. Фота: SakhaDay

Расійскія дзеячы і медыя, звяртаючыся да пытання знішчэння помніка, называюць ссыльных «палякамі», але з чатырох асоб, увекавечаных на ім, — двое беларусаў.

Калі высланыя пасля паўстання 1863 года Вацлаў Серашэўскі, які напісаў тут навуковую працу пад назвай «Якуты. Вопыт этнаграфічнага даследавання», паходзіў з-пад Варшавы, а Аляксандр Чаканоўскі, вядомы геолаг, які адкрыў радовішчы каменнага вугалю і графіту, паходзіў з Валыні, то двое іншых — нашы землякі.

Ян Чэрскі на фотаздымку 1879 года. Фота: Wikimedia Commons

Імя першага з іх, Яна Дамінікавіча Чэрскага (ці Івана Дзяменцьевіча ў русіфікаваным варыянце), знаёмае многім беларусам са школы. Чэрскі нарадзіўся ў шляхецкай сям’і ў маёнтку Свольна Дрысенскага павета, цяпер гэта Верхнядзвінскі раён. У дзяцінстве страціў бацьку, але маці здолела забяспечыць яму добрую адукацыю. Ян скончыў Віленскую гімназію, а пасля Віленскі шляхецкі інстытут.

Ян Чэрскі далучыўся да паўстання 1863 года і, паводле звестак даследчыкаў, знаходзіўся ў партызанскім атрадзе, які ўзначальваў Кастусь Каліноўскі. Быў паланёны ў баі, пазбаўлены шляхецтва, грамадзянскіх правоў і высланы ў бестэрміновую ссылку ў Сібір салдатам. Пакаранне адбываў у Омску. Па дарозе Чэрскі пазнаёміўся з вядомым прыродазнаўцам Чаканоўскім, які прышчапіў яму цікавасць да вывучэння прыроды і збору розных калекцый. 

Добрая адукацыя дазволіла Чэрскаму заняць прыстойнае становішча і праводзіць шмат часу ў бібліятэцы. У ссылцы ён пазнаёміўся з вядомымі географамі таго часу, пачаў збіраць калекцыю выкапняў.

Па стане здароўя яго ў 1869 годзе звальняюць з вайсковай службы, а праз пару год Рускае геаграфічнае таварыства дамагаецца для яго дазволу пераехаць у Іркуцк. Тут пад кіраўніцтвам Чаканоўскага і Бенядзікта Дыбоўскага, ураджэнца Мінскага павета, ён непасрэдна займаецца навукай. Дарэчы, Дыбоўскі падрабязна распавядае ў сваіх успамінах пра безвыніковыя спробы Чэрскага атрымаць дазвол вярнуцца на радзіму.

Хрыбет Чэрскага ў Паўночна-Усходняй Сібіры. Фота: Wikimedia Commons

Увесь ягоны род паходзіў з беларускіх зямель, а беларуская мова для даследчыка была роднай. У лісце да сястры Міхаліны ён пісаў са шкадаваннем: «Я тут ужо абрусеў і стаў забывацца родную беларускую мову».

З Іркуцка Чэрскі распачынае свае шматлікія геалагічныя экспедыцыі па вывучэнні Сібіры. У адной з іх, у Паўночна-Усходнюю Сібір, ён памірае ад сухотаў.

Цела беларускага даследчыка было пахавана на беразе Калымы. 

У гонар нашага земляка названыя горныя хрыбты ў Забайкаллі і Паўночна-Усходняй Сібіры, вулкан, некалькі пікаў, ледавік, даліна, берагі, вуліцы, у тым ліку ў Верхнядзвінску, ды некалькі відаў жывёл.

У 1996 годзе было створана Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і зацверджана эмблема з яго выявай. Сёння ягоны заснавальнік Алег Рудакоў і ягоная жонка схопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя на суткі за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Даследчык якуцкай мовы Эдвард Пякарскі з жонкай

Меншую вядомасць у нас мае Эдвард Пякарскі, які нарадзіўся ў 1858 годзе ў маёнтку Пятровічы Ігуменскага павета. Цяпер гэта Смалявіцкі раён Мінскай вобласці. Як можна зразумець з даты нараджэння, у Сібір ён трапіў зусім не за ўдзел у паўстанні.

Эдвард паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду. Бацька арандаваў маёнтак у князёў Вітгенштэйнаў. Нягледзячы на некаторыя сацыяльныя прывілеі, дробная шляхта жыла ў многім гэтак жа, як і сяляне. Нездарма бацька Карл Пякарскі, страціўшы жонку, аддаў сына-першынца на выхаванне ў сям'ю беларускага селяніна. Тут нельга не прыгадаць пра звычай дзядзькавання, чый уплыў на беларускую самасвядомасць шляхты ярка адлюстраваны Уладзімірам Караткевічам у рамане «Каласы пад сярпом тваім».

Пасля жыў у цёткі ў Мінску, якая аддала яго вучыцца ў Мазырскую гімназію. Давучваўся ў Таганрогскай гімназіі. Эдвард Пякарскі далучыўся да падпольнага гуртка, удзельнікі якога чыталі нелегальную літаратуру. Пазней ён яшчэ не раз будзе мяняць навучальныя ўстановы. У выніку ўсё ж скончыў Чарнігаўскую класічную гімназію і паступіў у Харкаўскі ветэрынарны інстытут, адкуль яго выключылі за ўдзел у народніцкім руху.

Эдварда Пякарскага ў 1878 годзе завочна прыгаварылі да ссылкі ў Архангельскую губерню, але да 1880 года яму ўдавалася паспяхова хавацца ад царскіх жандараў. Калі яго схапілі, то, беручы ва ўлік «маладосць, легкадумнасць і хваравіты стан», катаргу замянілі на пасяленне ў Сібіры. 

Так ён трапіў у Якуцію, дзе без дапамогі мясцовых жыхароў хутка памёр бы ад голаду. Нягледзячы на надзвычай цяжкія ўмовы, Пякарскі пачаў жыва цікавіцца якуцкай мовай. 

Пякарскі за працай у сваёй юрце

Лічыцца, што да стварэння Magnum opus беларуса падштурхнуў артыкул у мясцовай газеце за 1885 год, які сцвярджаў, што ў якуцкай мове ўсяго тры тысячы слоў. Такое шавіністычнае стаўленне велікаросаў да мясцовых культур і гаворак яму, народжанаму і выгадаванаму ў беларускім асяроддзі, відавочна, было добра вядомае. Ужо да 1887 года даследчык сабраў 7 тысяч якуцкіх слоў, а праз 11 гадоў — 20 тысяч.

У пошуках матэрыялу для свайго слоўніка Эдвард Пякарскі аб'ездзіў самыя аддаленыя куткі Якуціі. Прычым вельмі хутка ён пачаў запісваць не толькі асобныя словы і выразы, але і мясцовы фальклор.

Хата, у якой у 1881—1899 гадах жыў ссыльны Эдвард Пякарскі ў Чаркехскім музейным комплексе

Вынік працы настолькі ўразіў Акадэмію навук, што ў 1904 годзе яму дазволілі выехаць у Пецярбург. У Музеі антрапалогіі і этнаграфіі ён атрымаў пасаду навуковага захавальніка, працягваючы працаваць над сваім слоўнікам. Першае выданне «Слоўніка якуцкай мовы» пабачыла свет у 1907 годзе.

Другое выданне «Слоўніка якуцкай мовы» складалася з трох вялікіх тамоў, якія змяшчалі ўжо каля 38 тысяч слоў. У 1927 годзе ў гонар заканчэння слоўніка Пякарскі быў выбраны членам-карэспандэнтам АН СССР.

Слоўнік Пякарскага паспрыяў стварэнню пісьмовай традыцыі ў якутаў, а самога даследчыка пачалі называць бацькам якуцкай літаратуры. 

Тытульны аркуш «Слоўніка якуцкай мовы», складзенага Э.К. Пякарскім у 1882—1897 гг. 

Цяпер жа на хвалі нянавісці да ўсяго чужога, якая разгараецца ў Беларусі і Расіі, ахвярамі становяцца пахаванні, помнікі — усё, што на думку ўладаў, тычыцца культуры «варожых» краін. Пад увагу не бяруцца ні маральныя аспекты, ні ўклад дзеячаў у навуку і культуру краін. 

Так, у Прыазерску Ленінградскай вобласці дэмантавалі помнік фінскім салдатам, з Левашоўскіх могілак у Пецярбургу знік помнік рэпрэсаваным палякам, са сцяны крэпасці Арэшак прыбралі мемарыяльную дошку палякам — вязням Шлісельбургскай крэпасці, збіраюцца пераглядаць «гістарычную праўду» пра Катынь.

Аналагічныя працэсы адбываюцца і ў Беларусі: вынішчаюць польскія вайсковыя пахаванні, згадкі пра Элізу Ажэшку, прызнаюцца экстрэмісцкімі творы Дуніна-Марцінкевіча, «тэрарыстамі» абвяшчаюцца героі паўстання 1863—1864 гадоў і г.д. Пад выглядам наступу на палякаў адбываецца наступ на ўсё беларускае, усё «нярускае», але прапанаваць наўзамен абсалютна няма чаго.

Гэтыя культурныя чысткі ёсць формай самазаспакаення рэжымаў, дэманстрацыяй беспакаранага самаўладдзя, рэваншу «рускага свету» ў вайне са светам заходнім, з якім на эканамічным полі, а цяпер і на палях бітваў даводзіцца цярпець ганебныя паразы.

Чытайце таксама:

Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА

Лукашыстаў занепакоіла знішчэнне спадчыны. Але ёсць нюанс

У Гродне зніклі турыстычныя стэнды пра Элізу Ажэшку

Ф. Раўбіч