У Беларусі ліквідуюць грамадскае аб'яднанне «Дзеці Чарнобыля»

Мінскі гарадскі суд 4 кастрычніка разгледзіць іскавую заяву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля», якое дзясяткі гадоў дапамагала пацярпелым ад радыяцыі.

24.09.2023 / 18:31

16-гадовая Святлана Піліпчук (Ціханоўская) у Ірландыі, куды патрапіла ў рамках праграмы дапамогі пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы. Фота: фэйсбук Томаша Сулімы 

Інфармацыю пра гэта заўважыла «Радыё Свабода» на партале электроннага судаводства.

ГА «Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля» заснаваная ў 1986 годзе пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, нагадвае BPN.

Мэтамі арганізацыі з'яўляюцца абарона фізічнага і псіхічнага здароўя, правоў і інтарэсаў дзяцей Беларусі, супрацоўніцтва з навуковымі, медыцынскімі і грамадскімі арганізацыямі розных краін, устойлівае развіццё «чарнобыльскіх рэгіёнаў», медыцынскае абследаванне дзяцей з тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Святлана Ціханоўская з ірландскай сям'ёй, якая прымала яе па праграме «Дзеці Чарнобыля». Фота: твітар Ціханоўскай

Па праграме «Дзеці Чарнобыля» маладых беларусаў з тэрыторый, якія зведалі найбольшае радыеактыўнае забруджванне, вывозілі на аздараўленне ў краіны Еўропы. Сярод іх была і, напрыклад, Святлана Піліпчук (цяпер Ціханоўская), якая ва ўзросце 12 гадоў па гэтай праграме трапіла ў Ірландыю. Пасля яна шмат гадоў прыязджала сюды ўлетку.

У чэрвені італьянскае выданне Redattore sociale паведаміла, што на працягу трох апошніх гадоў не ажыццяўляюцца паездкі беларускіх дзяцей у гэтую краіну на аздараўленне. Спачатку гэтаму перашкаджала пандэмія каранавіруса, а затым — спыненне авіязносін паміж Беларуссю і ЕС з прычыны санкцый. Раней дзеці з Беларусі выязджалі ў Італію падчас школьных канікул на працягу трыццаці гадоў.

Адзначалася, што сёлета італьянскія ўлады атрымалі дазвол на арганізацыю адпаведных рэйсаў кампаніяй «Белавія», аднак беларускі бок заблакаваў рэалізацыю праекта.

Паводле даных праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца жніўня 2023-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1407 некамерцыйных арганізацый (НКА) — аб'яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый.

Чытайце таксама:

Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада)

Мінюст ліквідуе SaveUs — арганізацыю дапамогі бяздомным жывёлам 

З 2020 года ў Беларусі ліквідавалі не менш за 1372 некамерцыйныя арганізацыі — праваабаронцы

Nashaniva.com