У Лідзе прайшлі затрыманні на «Белтэкс Оптык», «Лакафарбе» і прадпрыемстве ЖКГ

У Лідзе працягваюцца затрыманні па палітычных матывах, а на малочна-кансервавым камбінаце прымушаюць глядзець прапагандысцкія фільмы, паведамілі лідскія праваабаронцы. Паводле іх звестак, адабраныя ў затрыманых тэлефоны прадаюць у краме канфіскату.

24.09.2023 / 15:54

Прадпрыемства «Лакафарба» ў Лідзе. Фота: сайт прадпрыемства

Затрыманні на прадпрыемстве «Белтэкс Оптык», паводле інфармацыі праваабаронцаў, прайшлі 21-22 верасня.

Таксама 22 верасня затрымлівалі людзей на прадпрыемстве «Лакафарба» і Лідскім ГУП ЖКГ. «У ЖКГ затрыманы бухгалтар. Хутчэй за ўсё, рэйдамі па затрыманнях займаюцца «гастралёры» з Гродна», — паведамілі праваабаронцы.

Былы начальнік Лідскай ДАІ, а цяпер ідэолаг Лідскага малочна-кансервавага камбіната Аляксандр Швакель. Фота: «Принеманские вести»

А на Лідскім малочна-кансервавым камбінаце з'явіўся ідэолаг — былы начальнік аддзела ДАІ Лідскага РАУС Аляксандр Швакель. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усіх работнікаў абавязалі падпісаць «кодэкс карпаратыўнай этыкі». Там, акрамя карпаратыўнага стылю адзення і іншых рэчаў, прапісана недапушчальнасць прагляду «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, сцвярджаюць праваабаронцы.

«Экстрэмісцкімі» лукашысты называюць усе непадкантрольныя сабе СМІ, каналы і блогі.

«Акрамя таго, работнікі не павінны кантактаваць паміж сабой, размаўляць і збірацца групамі. Не маюць права распавядаць каму-небудзь пра тое, што адбываецца на заводзе. Пяць чалавек былі запрошаныя спачатку на размову аб арт. 19.11 КаАП, потым іх прымусілі глядзець фільмы «Манкурты» і «Забіць прэзідэнта», — распавялі праваабаронцы.

Паводле іх звестак, канфіскаваныя ў затрыманых мабільныя тэлефоны потым прадаюць у краме канфіскату «Ваш выбар» на вуліцы Адама Міцкевіча.

Чытайце таксама:

«Слава Украіне!» Гэтыя словы завадчан падчас застолля назвалі «нацысцкімі». Раней іх жорстка затрымалі

У Лідзе затрымалі мужчыну і ягонага начальніка, які папярэдзіў пра небяспеку

У Магілёве судзяць двух дактароў па «справе артапедаў». Адзін з іх вучыў сына былога міністра аховы здароўя

Nashaniva.com