«Еўрарадыё» і Malanka Media хочуць стварыць новы незалежны тэлеканал
«Еўрарадыё» і Malanka Media плануюць стварыць новы тэлеканал з працоўнай назвай Belarus today. Як патлумачыў у каментары «Белсату» заснавальнік Malanka Media Павал Марыніч, «у беларускім медыяполі на сённяшні дзень не стае відэа– і тэлепраектаў, што і стала нагодай для ідэі стварыць яшчэ адзін тэлеканал».
23.09.2023 / 19:03
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Yevhen Roshchyn / vecteezy.com
«Адзіны незалежны тэлепраект сёння — гэта польскі праект «Белсат», польскага ўрада. А беларускага такога, які быў бы заснаваны беларусамі, няма», — кажа кіраўнік «Маланкі».
Пра дэталі будучага тэлеканала Павел Марыніч на цяперашнім этапе распавядаць адмовіўся, бо нічога канкрэтнага яшчэ няма, праект пакуль, кажа ён, існуе толькі на ўзроўні планаў і абмеркаванняў.
«Не магу нічога распавесці, бо яшчэ нічога не зроблена. І калі і ёсць нейкія планы, то яны яшчэ абмяркоўваюцца. Гэта нашая мара — усё, што магу сказаць. І вялікае жаданне зрабіць грамадскае тэлебачанне. Такое, як «Суспільне» ва Украіне», — зазначыў медыяменеджар.
Пэўны час таму Павел Марыніч казаў пра планы стварыць беларускае інфармагенцтва. Праца над ім ідзе, запэўнівае кіраўнік Malanka Media.
«Мы робім яго. Але гэта не нешта, што ў адну хвіліну робіцца, гэта праца, якая доўгі час робіцца. Нічога не бывае адразу. Каб мець інфармагенцтва, патрэбныя журналісты ўнутры краіны, патрэбная база», — кажа Марыніч.
Чытайце таксама:
«Экстрэмісцкую літаратуру» складаем асобна». У бібліятэках рыхтуюцца да адкрыцця спецхранаў