Бяры прыклад! Дзесяць стылёвых беларусаў, вобразамі якіх можна натхняцца
Як і ў каго падгледзець вобразы, каб гэта дапамагала ў працы над персанальным стылем.
01.10.2023 / 17:54
Капіраванне — адна з папулярных методык працы над уласным стылем. Яе сутнасць простая: знаходзіце ў сетцы блогераў, вобразы якіх вам імпануюць, выбіраеце прыгожыя лукі і спрабуеце іх паўтарыць. Але ёсць нюанс: аўтфіты, якія вы прыкмецілі, мусяць прайсці праз фільтр вашага асабістага густу.
Рэч не толькі ў тым, што без гэтай працы вы рызыкуеце ператварыцца ў клона — усё куды цікавей. Стыль павінен адлюстроўваць унутраны свет чалавека: расказваць яго гісторыю, паказваць культурны бэкграўнд, а капіруючы чужыя вобразы ў цалкам, мы капіюем і частку гісторыі, якая нам не належыць. Таму часта ў ідэальна сплагіячаных вобразах пераймальнік выглядае як іншароднае цела.
Каб засцерагчы сябе ад падобнага, трэба правесці аналіз запалых у душу камплектаў і адаптаваць іх пад сябе. Для пачатку варта вызначыцца, ці падобна прызначэнне ўпадабанага вобраза з тым, куды вы збіраецеся яго насіць: камплект у стылі бізнэс-бэст на дзіцячай пляцоўцы будзе глядзецца дзіўна. Затым уключаем творчасць — змяняем адну рэч з камплекта на тую, што ўжо ёсць у вашым гардэробе. Не варта забываць і пра асаблівасці фігуры: каб не памыліцца з пасадкай, лепш першапачаткова падглядваць за блогерамі, чыя камплекцыя падобная на вашу.
Цяпер, калі тое, як пісьменна капіяваць лукі, стала зразумела, пераходзім да не менш цікавага пытання — у каго іх капіяваць. Вось падборка суайчыннікаў, у якіх можна павучыцца добраму густу і запазычыць цікавыя fashion-формулы.
Вольга Шатыка
73-гадовая мадэль, лекар і папулярная блогерка шчодра дзеліцца са сваімі падпісантамі парадамі «прыгожага сталення». У пастах Вольга сцвярджае, што не карыстаецца «ўколамі прыгажосці», а аддае перавагу больш натуральным метадам догляду — ёзе для твару і масажу шыацу.
Фота: інстаграм блогеркі
Што датычыцца гардэроба, то да яго стварэння жанчына ставіцца творча: «Я гуляю ў моду і стыль дзеля самавыяўлення. Вобразам можна распавесці пра сябе больш, чым словамі. Гэтая гульня дазваляе заставацца вольнай ад стандартаў і быць адкрытай усяму новаму. А што яшчэ трэба дзяўчыне 70+?». Такому стаўленню да сябе сапраўды варта павучыцца.
Яўген Булка
Сёння Яўген Булка пачынае жыццё ў новай краіне з нуля. Артыст прызнаецца, што ў Ізраілі яму прыйшлося паспрабаваць новыя для сябе прафесіі: ён працаваў рознарабочым, майстрам на заводзе электронікі, а зараз спрабуе ролю санітара ў прыватнай клініцы пластычнай хірургіі.
Фота: інстаграм блогера
Зрэшты, змены не закранулі густ некалі папулярнага вядоўца: мужчына па-ранейшаму выдатна выглядае. Тым, каму па душы расслабленыя паўсядзённыя вобразы, варта прыгледзецца да яго акаўнта.
Каця Герман
Па натхненне можна адправіцца і ў акаўнт прафесійнай стылісткі Каці Герман. Дзяўчына адной з першых заняла сваё месца на беларускім фэшн-рынку: яна стылізуе модныя паказы, збірае вобразы для рэкламных кампаній і адзявае прыватных кліентаў.
Фота: інстаграм стылісткі
У сваіх асабістых вобразах Каця міксуе паўсядзённае адзенне з яркімі акцэнтнымі рэчамі — атрымліваецца вельмі свежа і крута.
Алена Леўчанка
Былая баскетбалістка пераехала ў ЗША і будуе кар'еру ў Nike. Спартсменка арганічна выглядае на вуліцах Нью-Ёрка: яе лукі нібыта створаны для мясцовых стрыт-стайл паблікаў.
Фота: інстаграм спартоўкі
Алена не баіцца яркіх колераў і смела міксуе класічны чорны касцюм з кіслотна-зялёным пінжаком. Дзяўчына па-майстэрску абыгрывае дзелавыя вобразы, дапаўняючы іх элементамі спартыўнага адзення — атрымліваецца выдатны смарт-кэжуал.
Глеб Сямёнаў
Знешнасць заваёўніка айчыннай рылс-прасторы і сувядоўцы ютуб-шоу «О(б)суджаем» выклікае шмат спрэчак у беларускіх сацсетках. Нехта лае прычоску хлопца, нехта, наадварот, захапляецца яго стылем. З упэўненасцю можна сказаць адно — Глебу сапраўды ўдалося пабудаваць смелы і запамінальны вобраз.
Фота: Hanna Shot
Ксенія Чартовіч
Фэшн-блогерка файна міксуе класічнае і вячэрняе адзенне, прыдумляе свежыя ідэі выкарыстання добра знаёмых аксесуараў і стварае ультра-жаноцкія вобразы. Акрамя гэтага Ксенія дзеліцца з падпісчыкамі назвамі цікавых брэндаў і крам, у якіх аматары шопінгу могуць атрымаць асалоду ад стыльных пакупак.
Фота: інстаграм блогеркі
Дар'я «Цемра» Сямчук
Маладая мастачка ўжо паспела паўдзельнічаць у найбуйнейшых беларускіх выставачных праектах. У 2019 годзе яна перамагла ў праекце «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам», у 2020-м — арганізавала першую персанальную выставу ў галерэі «Арт-Беларусь». Сёння таленавітая дзяўчына скарае Еўропу: яе работы з серыі «Цемра» ўжо выстаўляліся ў Варшаве, а неўзабаве адправяцца ў Прагу.
Фота: інстаграм мастачкі
Персанальны стыль мастачкі адпавядае яе ролі. Дар'я апранаецца крэатыўна і прытрымліваецца асэнсаванага падыходу да адзення: усе рэчы з яе гардэроба набыты ў вінтажных магазінах.
Анастасія Карасёва
У мінулым fashion-рэдактарка беларускага глянцавага часопіса, а цяпер сувядоўца шоу «Жанчыны лёгкіх паводзін» стварае яркія вобразы. Анастасія любіць незвычайныя спалучэнні, аверсайз і прыкметныя аксесуары. Пры гэтым камплекты не перагружаны і цудоўна падкрэсліваюць яркую знешнасць дзяўчыны.
Фота: інстаграм вядоўцы
Яўген Перлін
У стылі папулярнага вядоўцы заўважны перамены — класічныя пінжакі сталі саступаць месца больш крэатыўным уборам. Цяпер у гардэробе Яўгена сустракаецца як японскі мінімалізм, так і пярэстая гавайская экзотыка.
Фота: інстаграм вядоўцы
Ксенія Сітнік
Сёння пераможца «Дзіцячага Еўрабачання — 2005» піша вершы і вядзе блог, дзе выкладвае рэцэнзіі на прачытаныя ёю кнігі. На фатаграфіях, якія ўпрыгожваюць пасты, дзяўчына паўстае ў далікатных жаноцкіх вобразах: Ксенія любіць аб'ёмныя каўняры, гарсэты і сілуэты, якія падкрэсліваюць тонкі стан дзяўчыны.
Фота: інстаграм блогеркі
А як вы лічыце: каго са стыльных беларусаў не хапае ў гэтым спісе?