У Латвіі хочуць забараніць аўтамабілі з беларускімі нумарамі

Міністэрства юстыцыі Латвіі падрыхтуе законапраект, які забараняе знаходжанне ў Латвіі зарэгістраваных у Беларусі і Расіі транспартных сродкаў. Пра гэта паведамляюць латвійскія медыя са спасылкай на міністра юстыцыі Інэсэ Лібіня-Эгнерэ.

22.09.2023 / 14:56

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Omar Marques / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Кіраўнік латвійскага Мінюста патлумачыла, што, калі на працягу трох месяцаў транспартны сродак не будзе перарэгістраваны або вывезены з Латвіі, ён будзе канфіскаваны.

«Калі транспартныя сродкі з рускімі і беларускімі нумарамі не будуць своечасова перарэгістраваныя, магчыма, іх могуць канфіскаваць на карысць Украіны, якая падтрымлівае сваё войска на перадавой», — падкрэсліла міністр.

У Латвіі патлумачылі, што законапраект падрыхтаваны на базе тлумачэнняў Еўракамісіі, згодна з якімі рэчы, што былі набытыя ў Расіі і падпадаюць пад санкцыйныя меры, у тым ліку аўтамабілі, смартфоны і ноўтбукі, забароненыя да ўвозу на тэрыторыю краін ЕС.

Запланаваныя ў Латвіі змены таксама прадугледжваюць забарону на транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Беларусі, з улікам санкцый, уведзеных ЕС супраць Беларусі.

«Любы госць, які прыязджае ў Латвію, мусіць паважаць законы і парадак нашай краіны. Перасячэнне мяжы Еўрасаюза на транспартным сродку, зарэгістраваным у Расіі, і, такім чынам, знаходжанне ў Латвіі, зʼяўляецца парушэннем санкцый. Калі транспартныя сродкі з расійскімі і беларускімі нумарамі не былі своечасова перарэгістраваныя, не выключана, што яны могуць быць канфіскаваныя на карысць Украіны, якая падтрымлівае яе армію на перадавой», — падкрэсліла міністр юстыцыі.

Раней Латвія і іншыя краіны Балтыі забаранілі ўезд у краіну зарэгістраваных у Расіі аўтамабіляў. Пра машыны на беларускіх нумарах такіх мер не было.

Nashaniva.com