Палітвязня, якога не выпусцілі пасля заканчэння тэрміну, асудзілі па новай крымінальнай справе
У судзе Ленінскага раёна Гродна з 10 жніўня па 1 верасня разглядалі новую крымінальную справу супраць палітвязня Дзмітрыя Сушчыка. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы). Суддзя Наталля Козел прызнала Дзмітрыя вінаватым і прызначыла яму ў дадатак да паўтара гадоў зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі. Пры гэтым Дзмітрый павінен быў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў зноў затрыманы па новай справе і змешчаны пад варту, піша «Вясна».
21.09.2023 / 22:19
Жыхара Навагрудка Дзмітрыя Сушчыка 17 лютага 2022 года затрымалі расійскія памежнікі, калі той спрабаваў выехаць з Беларусі. Праваабаронцам вядома, што пасля затрымання з ім праводзілі «допыт» у лесе, падчас якога ўжывалі псіхалагічны і фізічны гвалт. Ужо праз месяц Дзмітрыя асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) на паўтара года калоніі.
Тэрмін палітвязень адбываў у аршанскай калоніі №8, дзе адразу пасля прыбыцця на яго пачалі ціснуць: змяшчалі ў ШІЗА, а потым перавялі ў ПКТ.
У пачатку верасня 2022 года ў Оршы адбыўся суд па ўзмацненні рэжыму палітвязню. Па рашэнні суда Дзмітрыя перавялі на турэмны рэжым і накіравалі ў гродзенскую турму №1. Па прыбыцці туды яму адразу было выпісана два парушэнні, пасля чаго мужчыну змясцілі ў ШІЗА.
Тэрмін адбыцця пакарання ў Дзмітрыя заканчваўся 18 жніўня, але ён застаўся пад вартай у межах новай крымінальнай справы.
У судзе Ленінскага раёна Гродна 10 жніўня 2023 года над палітвязнем распачаўся суд паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы). Справу разглядала суддзя Наталля Козел.
Ужо 1 верасня суд прызначыў яму ў дадатак да паўтара гадоў калоніі яшчэ адзін год і 15 дзён пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
Затрымалі беларуса, які нібыта адправіў у бот праўладнага тэлеграм-канала фразу «Жыве Беларусь»
Прадпрымальніку прызначылі пяць гадоў калоніі за данат 20 даляраў
Журналіста Сяргея Гардзіевіча, затрыманага пры вяртанні з Польшчы, арыштавалі на 15 сутак