У Беларусі з самалётаў скідваюць вакцыны ад шаленства для дзікіх жывёл. Не бярыце іх
З 18 верасня на тэрыторыі Гродзенскай, Мінскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцей з мэтай прафілактыкі шаленства праводзіцца аральная імунізацыя дзікіх жывёл.
20.09.2023 / 14:20
Прынада з вакцынаю. Фота: belvitunifarm.by
Дзеля гэтага ўжываюць спецыяльныя антырабічныя прынады — брыкеты шэрага або цёмна-карычневага колеру масай да 30 грамаў. Прынады маюць «спецыфічны пах». Усярэдзіне — капсула з вакцынай.
Раскідваюць іх з самалётаў ці верталётаў.
Міністэрства аховы здароўя нагадвае, што прынады забаронена браць рукамі і скормліваць іх свойскім жывёлам. Не варта дапускаць, каб да іх дакраналіся дзеці.
Пры выпадковым траплянні вакцыны (змесціва капсулы) на адкрытыя ўчасткі цела ці слізістыя абалонкі іх неабходна прамыць вадой, апрацаваць 2-працэнтным растворам пітной соды і звярнуцца ў мясцовую ўстанову аховы здароўя.
Людзям, якія знаходзяцца ў месцах правядзення гэтых работ, неабходна пазбягаць знаходжання ў зоне палёту самалёта, каб пазбегнуць траўмавання прынадамі, якія будуць ляцець зверху.