Хлопец паехаў па размеркаванні ў Брэст і ў шоку ад жылля для маладых спецыялістаў
Максім адпрацоўвае размеркаванне ў адным з дзіцячых садоў Брэста. Ён музычны кіраўнік.
20.09.2023 / 11:23
Скрыншоты з відэа хлопца
Хлопец дзеліцца ў тыктоку, што, як маладому спецыялісту, яму прапанавалі сацыяльнае жыллё. Але, убачыўшы ўмовы, ён адмовіўся. У відэа бачны пакой са старым рамонтам, брудны ванны пакой і кухня, душ увесь у налёце.
«Самае смешнае, што вахцёрша кажа: «Ну, жыць можна», — напісаў ён.
Хлопец папрасіў даць яму іншае жыллё на час адпрацоўкі.
«У Мінску па статусе сіраты я жыў у нармальных умовах. Так, з прусакамі, з дрэнным душам, але жыў, а тут…» — падзяліўся ён у каментарах. Ролік набраў 370 тысяч праглядаў.
Некаторыя карыстальнікі не ўбачылі ў занядбаным жыллі нічога страшнага. «Адчысціць і адмыць — і ок», «Скажыце дзякуй, што хоць такі інтэрнат далі» — раяць хлопцу.
Большасць карыстальнікаў падзяляюць яго абурэнне і згадваюць свае арэндныя пакоі.
«Мяркуючы па карцінцы, як мінімум 40 год не было рамонту».
«У Жлобіне тое ж самае. Плюс прусакі і душ у падвале без замкоў на дзвярах. Яшчэ і плаціць за гэты цуд трэба 70 р. Зваліла на кватэру, карацей».
«Мне ў Мінску прапанавалі пакой на траіх без мэблі з абадранымі напалову шпалерамі і абадранай падлогай. Душ на будынак адзін, туалеты агульныя — дзіркі ў падлозе.
Дзверы напалову згнілі, працоўны і свой ноўт страшна пакідаць. Я падлічыла кошт мэблі, рамонту, і выйшла, што зняць пакой па пару год гэтак жа каштуе».
«Такія ж умовы ў Шклове, толькі яшчэ і без мэблі. Я езджу штодзень з Магілёва».