Сёння ў Вільні выступіць этна-спявачка Настасся Хмель

20 верасня ў Вільню з сольнай праграмай «Песні Белавежскай вёсачкі Залессе» завітае Настасся Хмель — этна-спявачка, мультыінструменталістка, вакальная трэнерка, удзельніца гурта KRIWI.

20.09.2023 / 11:16

 

Настасся грае ў кірунку ethno-fusion, дадаючы арыгінальнай мелодыі народных песень актуальнае асэнсаванне і акампанемент розных інструментаў з дапамогай лайв-лупінгу.

Перад вымушанай эміграцыяй у Польшчу (Кракаў) спявачка 7 год жыла ў маленькай вёсачцы Залессе, што схаваная сярод гушчароў Белавежскай пушчы, з усіх бакоў аточаная балотам.

Мясцовыя жыхаркі баба Валя (Валянціна Парфёнаўна Сіплівая 1929 г. н.) і баба Маня (Марыя Лук’янаўна Сіплівая 1937 г. н.), з якімі Настасся амаль параднілася за гады сумеснага суседскага жыцця, дзяліліся з ёй сапраўднымі скарбамі — успамінамі пра мінулае і песнямі, якім навучыліся ад сваіх бацькоў і бабуль.

Прыходзьце 20 верасня а 19:00 у CreateCulture Space паслухаць песні з Белавежскіх гушчароў, паспяваць разам, занурыцца ў касмічную атмасферу беларускага фальклору.

Nashaniva.com