«Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?» — «Калі Паўлічэнка стрэліў у яго». Гараўскі дае паказанні

Былы сахравец Юрый Гараўскі пачаў даваць паказанні ў судзе кантона Санкт-Галлен у Швейцарыі. Ён пад шчыльнай аховай паліцыі. Гараўскага абвінавачваюць у датычнасці да знікненняў у Беларусі вядомых палітыкаў.

19.09.2023 / 12:38

Юры Гараўскі ў сіняй байцы пад шчыльнай аховай. Фота: volhaklas / Telegram

Як піша «Новы час», Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі шчыльна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда. Сам Гараўскі быў пад капюшонам, ён хаваў твар. Здымаць у будынку суда нельга.

«Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае падаўленым, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытанне суддзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна», — перадае карэспандэнт з суда. 

Гараўскі адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часткі.

— Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.

— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.

— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.

— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтую інфармацыю.

Пошукавік выдае, што палкоўнік Смірноў быў кіраўніком вайсковай часткі 5525, а гэтая частка — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.

На судзе Гараўскі распавёў пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі:

— Калі, па загадзе Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць.

— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.

— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, канешне, я ведаў, хто гэта такі.

Гараўскі распавёў, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад, і з ім «будет проводиться беседа», і не ведаў, куды яго вязуць.

Суддзя спытаў: 

— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі растрэлы?

— Так.

— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?

Гараўскі пасля паўзы:

— Трымаў падобны.

— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?

 — Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.

Суд працягваецца. 

Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжных засядацеля. Калі яны прызнаюць Гараўскага вінаватым, гэта стане абвінаваўчым прысудам і для беларускага рэжыму, лічаць юрысты.

Чытайце таксама:

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бягомлем ФОТА

«Машына была на глыбіні аднаго метра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Экс-спецназавец Юрый Гараўскі адказаў на абвінавачванні ад Паўлічэнкі ў хлусні

Дзмітрый Паўлічэнка выступіў з афіцыйнай заявай наконт абвінавачванняў у забойствах палітыкаў

«Я не даваў такой каманды». Лукашэнка пракаментаваў справу зніклых палітыкаў

«Яны стралялі ў спіну»: дачка Захаранкі сустрэлася з экс-байцом спецназу Юрыем Гараўскім

Nashaniva.com