Вынесены прысуд кіроўцу МАЗа, абвінавачанага ў гібелі 13 чалавек у ДТЗ пад Смалявічамі
Абвінавачаны ў гібелі 12 пасажыраў і вадзіцеля маршруткі ў ДТЗ пад Смалявічамі Уладзімір Грыненка прыгавораны да 7 гадоў калоніі, перадае БЕЛТА.
18.09.2023 / 15:12
Па матэрыялах справы, вадзіцель МАЗа 20 лютага 2023 года каля 14:55 пры перавозцы грузу ў Смалявіцкім раёне страціў магчымасць кіравання і выехаў на паласу сустрэчнага руху. Самазвал сутыкнуўся з маршрутным мікрааўтобусам Citroen, які ехаў насустрач.
У выніку ДТЗ, якое адбылося 20 лютага, вадзіцель мікрааўтобуса і 12 пасажыраў, з іх двое дзяцей 2009 і 2011 гадоў нараджэння, загінулі, сямі пасажырам нанесены цяжкія цялесныя пашкоджанні.
МАЗ, які, згодна з матэрыяламі справы, быў тэхнічна няспраўным, належыць філіялу «Аўтамабільны парк №20» ААТ «Мінаблаўтатранс» (Чэрвень). Пра адказнасць яго кіраўніцтва нічога не паведамляецца.
Абвінавачаны поўнасцю прызнаў сваю віну, піша БЕЛТА.
Шматлікія іскавыя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды, а таксама патрабаванні аб спагнанні расходаў на аказанне юрыдычнай дапамогі будуць перададзены на разгляд у парадку грамадзянскага судаводства.
Прыгавор не ўступіў у сілу, ён можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Чытайце таксама:
Як цяпер выглядае дарога пад Смалявічамі, дзе ў ДТЗ загінулі 13 пасажыраў маршруткі ФОТА
За парушэнні правіл перавозкі пасажыраў будуць забіраць машыны