Новы латвійскі ўрад зрабіў будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю адной з асноўных сваіх задач

У сувязі з пагрозай нелегальнай міграцыі, якая расце, у Латвіі вырашылі змяніць парадак прыярытэтных работ і перш за ўсё завяршыць будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю.

18.09.2023 / 10:09

Начальнік Пагранічнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс настойвае на тым, што Рызе трэба як мага хутчэй дабудоўваць плот.

«Плот, калі вялікая група, то, каб пралезці па адным, ім трэба дастаткова шмат часу, і, вядома, гэта дае нам магчымасць рэагаваць і парушальнікаў перахопліваць блізка да граніцы», — адзначыў ён.

Паводле звестак латвійскіх уладаў, за апошнія два тыдні колькасць спробаў перайсці граніцу краіны рэзка ўзрасла, тады як пагранічны плот быў пашкоджаны ў 57 месцах. Таксама зафіксаваны выпадак выкарыстання імправізаванай лесвіцы.

Раней паведамлялася, што Эстонія адправіць у Латвію прадстаўнікоў Дэпартамента паліцыі і пагранічнай аховы для супрацьдзеяння нелегалам, якія спрабуюць трапіць у краіну праз мяжу з Беларуссю. Перад гэтым стала вядома, што ў Латвію ўжо прыбылі 20 літоўскіх пагранічнікаў.

Акрамя таго, у сувязі з павелічэннем колькасці спробаў нелегальнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы Латвія можа закрыць адзін з пунктаў пропуску.

Nashaniva.com