«Рэжым яго забівае». 66-гадовага Рыгора Кастусёва зноў змясцілі ў ШІЗА
Палітзняволенага Рыгора Кастусёва зноў адправілі ў ШІЗА. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў ягоны зяць Дзмітрый Антончык.
16.09.2023 / 13:22
Рыгор Кастусёў у судзе. За ім — Аляксандр Фядута, Дзяніс Краўчук і Юрась Зянковіч. Фота: БелТА
«Рэжым забівае Рыгора Кастусёва. Ужо чацвёрты раз адправілі на 10 сутак у ШІЗА…» — напісаў ён.
Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове.
Супраць яго была распачата справа паводле артыкула 357 КК «Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Па гэтай справе, акрамя Кастусёва, былі асуджаныя Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч, Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч. Кастусёву далі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У зняволенні ў 66-гадовага палітыка абвастрыліся праблемы са здароўем, выявілі анкалагічнае захворванне.
Таксама Дзмітрый Антончык змясціў у фэйсбуку верш цесця, які той даслаў з-за кратаў.
Мой Цяхцін
Дзе б у свеце я ні быў,
Заўсёды гэтым ганаруся,
Што Край свой родны не забыў,
Які завецца Беларуссю!!!
Не забываю тых мясцін,
Што мне даюць натхненне, сілы,
Пад рэдкай назваю — Цяхцін,
Ад нараджэння — родны, мілы.
Як і палі, лясы, лугі,
Дзе не адно тысячагоддзе,
Друць абдымае берагі.
Тут продкі жылі шмат стагоддзяў.
Хоць я цяпер далёк ад іх,
Прыносіць вецер мне з мясцінаў:
«Вярнісь. Вярнісь». Мой ловіць слых:
«Мы не забылі свайго сына».
Дуб шэпча векавы: «Вярнісь».
Прыклаў тут прадзед сваю руку.
І кліча сад, які калісь
Дзяды заклалі для ўнука.
Дзе б я па свеце ні хадзіў,
Як птушка з выраю вярнуся.
Да хаты бацькавай, да ніў,
Дзе ўсё клякоча белы бусел.
Вярнусь да памятных мясцін —
Тут я сустрэў сваё каханне,
Тваіх ваколіц, мой Цяхцін, —
Прайшло дзе першае спатканне.
Калі супынецца ход мой
І Божа да сябе пакліча,
Вярнусь на вечны супакой
У новым для мяне абліччы.
Пад шэры камень. Толькі той,
Што ўзяты з родных мне мясцінаў.
І невялікаю плітой,
Дзе бачна — хто каго пакінуў.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Рыгор Андрэевіч Кастусёў.
Чытайце таксама:
Палітвязня Рыгора Кастусёва пазбавілі спатканняў
Кастусёў трапіў у бальніцу, Статкевіч паўгода быў у адзіночнай камеры
Палітвязень Рыгор Кастусёў з-за кратаў павіншаваў беларусаў з Днём роднай мовы