«Нам практычна кожны тыдзень прыходзяць пацвярджэнні». Ва Украіне акрэслілі ролю Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец падзяліўся актуальнай інфармацыяй аб датычнасці рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Ягоныя словы 14 верасня перадало агенцтва «Укрінфарм».
14.09.2023 / 21:06
Украінскае дзіця падчас вайны. Фота: АР / Вадзім Гірда
Па словах чыноўніка, прамыя доказы асабістага ўдзелу Лукашэнкі і яго людзей у незаконнай перавозцы ўкраінскіх дзяцей паступаюць амаль кожны тыдзень.
«Яшчэ раней я, здаецца, стаў першым упаўнаважаным прадстаўніком Украіны, які публічна заявіў аб наяўнасці інфармацыі адносна асабістага ўдзелу так званага, непрызнанага прэзідэнта Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Нам практычна кожны тыдзень прыходзяць пацвярджэнні таго, што ўлады Беларусі прымаюць у гэтым працэсе ўдзел. Гэта адбываецца проста цяпер», — расказаў Дзмітрый Лубінец.
Як ён адзначае, дзеянні рэжыму Лукашэнкі павінны быць прааналізаваныя і ў выніку асуджаныя.
Украінскі чыноўнік упэўнены, што прыклад з ужо выдадзенымі міжнароднымі ордэрамі на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і расійскай упаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай з'яўляецца моцным юрыдычным аргументам на карысць вяртання ўкраінскіх дзяцей дадому.
Чытайце таксама:
Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Лукашэнкі
«Большой сбор русскому герою». Мастачка Жыгімонт збірала грошы на нацыста
«40% палітвязняў — моладзь да 25 гадоў». Дарадца Ціханоўскай пра дылему: з'язджаць ці заставацца