Расія агучыла ўмовы вяртання да збожжавай угоды
Стала вядома, чаго дамагаецца Расія, каб вярнуцца да выканання збожжавай здзелкі.
14.09.2023 / 11:55
Расія вернецца да збожжавай угоды толькі пасля вываду яе сельгаспрадукцыі на сусветныя рынкі, заявіў намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Вяршынін у эфіры тэлеканала «Расія-24».
Ён таксама адзначыў, што Рассельгасбанк мае быць перападключаны да сістэмы SWIFT, прамежкавыя рашэнні выніку не дадуць і не прывядуць да вырашэння праблемы.
Лідары G20 у выніковай дэкларацыі саміту ў Нью-Дэлі заклікалі да поўнага ажыццяўлення збожжавай угоды для забеспячэння паставак прадуктаў харчавання і ўгнаенняў з РФ і Украіны.
Некалькі еўрапейскіх дыпламатаў заявілі Bloomberg, што ўлады Расіі раней адкінулі прапанаваны ААН кампрамісны варыянт, які прадугледжваў, што Расія адновіць збожжавую ўгоду, а наўзамен даччыную структуру дзяржаўнага Рассельгасбанка падключаць да SWIFT.