Беларусу адмовілі ў палітычным прытулку ў Малдове, бо «няма доказаў, што ў Беларусі парушаюць правы чалавека»
Гісторыю Арцёма (імя змененае), які зʼехаў з Беларусі ў 2020 годзе і апошні год жыве ў Малдове, расказвае «Радыё Свабода» са спасылкай на малдоўскую службу. Мужчына спадзяваўся рэалізавацца прафесійна ў сферы культуры, але нядаўна яму адмовілі ў прытулку.
14.09.2023 / 10:25
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Andreea Campeanu / Getty Images
Паводле слоў Арцёма, ён падтрымліваў пратэсны рух у сацсетках, а таксама падпісаў ліст дзеячаў культуры, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі, патрабавалі спыніць гвалт і арганізаваць новыя выбары. Прыкладна праз месяц яго звольнілі паводле артыкула «Страта даверу».
У Малдове без даведкі пра несудзімасць ён не можа працаваць афіцыйна, без апастылявання дыплома не можа працягваць навучанне. Паводле Арцёма, ён нават не змог адкрыць банкаўскі рахунак у Малдове, а перасылаць грошы з-за мяжы яму могуць толькі на банкаўскія карты людзей, якім ён давярае.
Нядаўна Арцёму адмовілі ў палітычным прытулку. Паводле ягоных слоў, прадстаўнікі МУС заявілі, што няма доказаў таго, што ў Беларусі парушаюць правы чалавека.
Цяпер Арцём задумаўся аб вяртанні ў Польшчу, дзе некаторы час жыў перад прыездам у Малдову: «У мяне няма рэсурсаў працягваць гэтую вайну з МУС Малдовы».
У Інспектараце міграцыі Малдовы «Радыё Свабода» паведамілі, што разглядаюць 23 прашэнні аб выдачы прытулку для грамадзян Беларусі. У 2021 годзе яны атрымалі адно такое прашэнне, у 2022 годзе — 16, а ў 2023-м — 10.
«У адным выпадку было пазітыўнае рашэнне аб наданні міжнароднай абароны, у двух выпадках адмовілі, у трох выпадках людзі самі адмовіліся ад працэдуры надання прытулку», — расказалі ў Інспектараце.
Чытайце таксама:
Беларуска расказала, як прарывалася з Мексікі ў ЗША і сядзела ў амерыканскай турме
Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Лукашэнкі